Кожную пятніцу ў Стрыгаўскім цэнтры культуры і вольнага часу праходзяць мерапрыемствы ў межах праекта «Кожная пятніца – роднае, сваё». Тэматыка сустрэч заўсёды розная, але аб’яднаная агульнай ідэяй – папулярызацыяй народнай творчасці і матэрыяльнай спадчыны нашага краю.
24 красавіка, "Кобрынскі веснік"/ Асаблівая ўвага ў праекце надаецца беларускай мове. Менавіта на ёй праходзіць большасць сустрэч, што дазваляе ўдзельнікам глыбей адчуць прыгажосць і мілагучнасць роднага слова.
Напрыклад, падчас тэматычнай праграмы «Аб роднай мове замоўлю я слова» ўдзельнікі разважалі пра прыгажосць і мілагучнасць матчынай гаворкі. Каб зрабіць сустрэчы цікавымі і навучальнымі, у сакавіку была арганізавана гульнёвая акцыя «Адгадай роднае слова».

Удзельнікам прапаноўвалася выцягнуць з кошыка картку са словам на рускай мове і знайсці яго трапны беларускі эквівалент. Фальклорнае падарожжа «Радасць творчасці» пазнаёміла наведвальнікаў цэнтра зэкспанатамі пакоя народнай творчасці, дзе захоўваюцца вырабы мясцовых майстраў.
Старадаўнія рэчы сельскага ўжытку дапамагаюць уявіць, як жылі, працавалі і чым натхняліся нашы продкі. Тэму народнага календара працягнула гутарка «Традыцыі былога і сучаснага», падчас якой слухачы даведаліся пра асаблівасці любімых святаў, а віртуальнае падарожжа «Скарбонка мінулага» дазволіла наведаць самыя цікавыя музеі Беларусі, не выходзячы з залы цэнтра.

У красавіку працаўнікі культуры запрасілі аднавяскоўцаў на сустрэчу «Адкуль да нас прыйшоў ручнік». Яе ўдзельнікам прадэманстравалі ўнікальныя старадаўнія ручнікі, выкананыя ў розных тэхніках: тканыя, вышытыя крыжыкам і гладдзю. Кіраўнікі гурткоў патлумачылі значэнне кожнага сімвала ў арнаменце і расказалі, які ручнік прызначаўся для вяселля, які – для ўпрыгожвання покуці, а які быў абярэгам у далёкай дарозе.
Падчас падрыхтоўкі да Вялікадня кіраўнік гуртка Ніна Муравейка правяла для стрыгаўскіх дзяцей майстар-клас «Вялікадня падарунак». Сваімі рукамі яны выраблялі прыгожыя падстаўкі для велікодных яек, укладваючы ў працу цеплыню сваіх сэрцаў.

Праект «Кожная пятніца – роднае, сваё» працягваецца. Гэтыя сустрэчы – не проста адпачынак, гэта даніна павагі нашай гісторыі. Гэта жывая повязь часоў, якая робіць нас духоўна багацейшымі і мацнейшымі.
Жанна ЕЛІЗАРАВА
Поделиться в соцсетях: