…Ёсць у гісторыі Беларусі даты, гаворачы пра якія, не трэба нічога тлумачыць. Яны выбіты не
толькі на помніках і абелісках – але і ў душах кожнага з грамадзян нашай краіны, якая першай прыняла на сябе неверагодны ўдар Вялікай Айчыннай і заплаціла страшную цану за Перамогу. Менавіта таму ў гэты сонечны вясенні дзень 9 мая, сустракаючы адзін аднаго, мы ўсе пачынаем гаворку з аднолькавых урачыстых слоў, якія ідуць з самай глыбіні сэрца, – “Са святам!”
Яшчэ задоўга да пачатку ўрачыстасцей, якія сабралі ў гэты дзень амаль што ўвесь горад, гэты настрой нарастаў з кожнай хвілінай – і, нарэшце, выліўся, выбухнуў святочным шэсцем, у якім прынялі ўдел прадстаўнікі ўсіх сфер і структур нашай Кобрыншчны. Здавалася, што напярэдадні ўрачыстага мітынгу, прысвечанага 70-годдзю Вялікай Перамогі, усю сур’ёзнасць моманту зразумела нават прырода, якая парадавала кабрынчан цёплым сонейкам і небам без адзінай хмаркі. Толькі лёгкі ветрык ціхенька шамацеў лістотай у скверы Марозава ды варушыў ленты на вянках ля абеліска – быццам нагадваючы нам усім пра лёсы тых, дзякуючы каму мы сёння бачым гэтае неба.

- Наша гісторыя памятае многія падзеі, але Вялікая Перамога займае ў ёй асобнае месца, - адзначыў падчас урачыстага мітынгу старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля. – І хаця ад радаснага мая 1945-га да сённяшніх дзён ужо адлічана 70 гадоў – амаль цэлае чалавечае жыццё, 9 мая заўсёды застанецца ў нашай памяці святам са слязамі на вачах. Таму сёння вельмі хочацца аддаць шчыры зямны паклон ветэранам вайны, працаўнікам тылу і ўсім тым, хто падарыў нам шчасце працаваць і жыць пад мірным небам нашай роднай Беларусі.
Менавіта яны, ветэраны Вялікай Айчыннай, нягледзячы на ўзрост і сёння прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Ва ўрачыстай атмасферы старшыня райвыканкама ўручыў ім юбілейныя медалі, прысвечаныя 70-годдзю Перамогі. Аднак, як справядліва падкрэсліў Аляксандр Зазуля, ніякія ўзнагароды не могуць у поўнай меры адлюстраваць той уклад, які гэтыя людзі ў свой час унеслі ў святую справу Перамогі – а значыць, і ва ўсё наша сённяшняе жыццё. І нам, у сваю чаргу, трэба зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб быць дастойнымі гэтага подзвігу.
А свята набірала свой ход. Адразу пасля ўрачыстага мітынгу ўсіх прысутных запрасіў у госці Палац культуры, дзе прайшоў тэатралізаваны канцэрт “Перамога – адна на ўсіх”. Выдатны працяг святочнай праграмы чакаў гасцей і каля гандлёвага цэнтра “Палессе”, дзе цікавую імпрэзу падрыхтавалі для кабрынчан ваеннаслужачыя 38-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады, супрацоўнікі ваенна-гістарычнага музея імя А.В. Суворава і СТАА “ВП Палессе”. Элементы музейных экспазіцый, палявая кухня з традыцыйнай салдацкай кашай і ваенныя песні стварылі на пляцоўцы атмасферу сапраўднага свята. Зусім побач усе жадаючыя маглі пасядзець у рэтра-матацыклах, якія нібыта зышлі з кадраў ваеннай кінахронікі.
Асаблівую зацікаўленасць выклікала вялікая выстава, якую прывезлі на Кобрыншчыну дэсантнікі 38-й гвардзейскай мабільнай брыгады. Усе госці атрымалі магчымасць не толькі патрымаць у руках баявую зброю – аўтаматы, снайперскія вінтоўкі, гранатамёты, але і пасядзець на баявым бронетранспарцёры ці, напрыклад, на месцы стралка зянітнай устаноўкі “ЗУ-23-2”. Асаблівую зацікаўленасць праявілі, зразумела, дзеці. Побач размясцілася і мірная тэхніка – дарэчы, не менш манументальная і магутная, якую прадставіла СТАА “ВП Палессе”.
А з цягам часу стала зразумелай і прыналежнасць вялікай агароджанай пляцоўкі пасярэдзіне стаянкі. Неўзабаве тут разгарнуліся сапраўдныя баявыя дзеянні – дэсантнікі з 38-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады прадэманстравалі свае ўменні і навыкі. Стральба з аўтаматаў і кулямётаў, выбухі вучэбных гранат і мін, арганізацыя засады, выхад з-пад агню праціўніка, абясшкоджванне ворагаў – адным словам, паглядзець было на што. А калі напрыканцы праграмы на пляцоўку выехалі два грузавікі, з кузаваў якіх басавітым рокатам ударылі ў неба ствалы спараных зянітных установак, стала відавочна – спакой грамадзян у нашай краіне пад надзейнай аховай.
Сваім парадкам ішла святочная праграма і ў гарадскім парку. На пляцоўцы каля ратонды кабрынчан сустракала палявая кухня, каля вогнішча гучалі франтавыя песні. І тут панавала пераемнасць пакаленняў – хор ветэранаў і клуб “Сустрэча” змянілі Вольга Камінская і калектыў дзіцячай школы мастацтваў, якія, у сваю чаргу, перадалі эстафету творчым калектывам устаноў культуры раёна. А зусім побач, у амфітэатры, з праграмай “Праўнукі Перамогі” выступалі артысты Кобрынскага РЦДТ і пераможцы раённага конкурсу патрыятычнай песні.
Дарэчы, тут, у амфітэатры, гасцей чакаў яшчэ адзін выдатны сюрпрыз – павіншаваць кабрынчан са святам са сталіцы прыехаў Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Выкананыя на выдатным узроўні песні ваенных гадоў – такія, як “Смуглянка”, “Вечар на рэйдзе”, “Ішоў салдат” і многія іншыя, абуджалі шчырыя эмоцыі, а таленавітыя выканаўцы пасля кожнага нумара зрывалі нязменны шквал авацый. І зноў, як у далёкім 45-м, кружыліся пары пад “Майскі вальс”, падпявалі хорам славутую “Кацюшу”, апладзіравалі стоячы пад “Дзень Перамогі”… Ну а калі ў канцы канцэрта, як 70 гадоў таму, у амфітэатры ў адзін голас выбухнула моцнае трохразовае “ўра”, стала зразумела усім – адзінства нашага народа ў дачыненні святой памяці Вялікай Перамогі знішчыць нельга.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.
[gallery link="file" order="DESC" columns="4"]