Зусім нядаўна ў горадзе над Бугам адбыўся чарговы навукова-практычны семінар “Рэгіянальныя СМІ ў сучаснай медыйнай прасторы”, які быў арганізаваны кіраўніцтвам філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя. А.С. Пушкіна пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама. У якасці ўдзельнікаў на гэтае мерапрыемства былі запрошаны галоўныя рэдактары абласной газеты “Заря”, раённых газет “Кобрынскі веснік” і “Чырвоная звязда” (г. Іванава). У шчырай, добразычлівай атмасферы яны пазнаёміліся і правялі гутаркі з лепшымі студэнтамі філалагічнага факультэта, якія навучаюцца па спецыяльнасці “журналістыка”.
Як паведаміла дэкан філалагічнага факультэта Вольга Фелькіна, падрыхтоўка будучых прафесіянальных журналістаў на базе ВНУ ажыццяўляецца на належным узроўні. У гэтым удалося пераканацца ў час імправізаванай экскурсіі па аўдыторыях ВНУ. Адміністрацыя ўніверсітэта належным чынам паклапацілася аб тым, каб стварыць аптымальныя ўмовы навучання для студэнтаў – забяспечыць іх вузкапрофільнай літаратурай, мультымедыйнай апаратурай. Некаторыя навучэнцы гарманічна сумяшчаюць вучобу і работу ў рэдакцыях, удзельнічаюць у цікавых сучасных інтэрнэт-праектах, з’яўляюцца лаўрэатамі творчых конкурсаў СМІ, што было праілюстравана ў адпаведнай тэматычнай слайд-прэзентацыі.Перад маладзёжнай аўдыторыяй выступіў галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Ляўковіч, які расказаў аб ролі і месцы рэгіянальных СМІ ў інфармацыйнай прасторы Брэстчыны і Беларусі, высокай ступені адказнасці кожнага журналіста, этычным баку прафесіі. Вадзім Мікалаевіч адзначыў пазітыўную тэндэнцыю ў працэсе ўкамплектавання працоўных калектываў рэдакцый маладымі кадрамі. Слушны тэматычны майстар-клас са студэнтамі правёў галоўны рэдактар абласной газеты “Заря” Аляксандр Лагвіновіч, а кіраўнікі “Кобрынскага весніка” і “Чырвонай звязды” Раман Мельнік і Анатоль Крэйдзіч расказалі аб асаблівасцях работы ў раённых СМІ, запрасілі будучых журналістаў на азнаямляльныя экскурсіі і летнюю практыку. Не выключана, што хтосьці з прысутных навучэнцаў стане штатным карэспандэнтам гэтых рэдацый. Першы выпуск наваспечаных журналістаў адбудзецца ў 2015 годзе.Ул. інф.НА ЗДЫМКУ: кобрынскія студэнты кафедры журналістыкі Маргарыта Літашэнка, Міхась Радыванюк, Алена Кірыеўская і Юлія Воўк у час майстар-класа разам з Аляксандрам Лагвіновічам.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: