У гэтыя дні ў калідорах Кобрынскага раённага ваеннага камісарыята, як кажуць, яблыку няма дзе ўпасці. Мясцовыя юнакі прымаюць актыўны ўдзел у мерапрыемствах прызыву на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве. Як нам паведаміў начальнік аддзела прызыву на ваенную службу Кобрынскага РВК падпалкоўнік Рыгор Козін, маладыя людзі праходзяць комплексны медыцынскі агляд, афіцэры ваенкамата вывучаюць іх асабістыя справы. У кастрычніку Кобрын наведаюць прадстаўнікі воінскіх фарміраванняў краіны, якія і будуць весці адбор у вызначаныя часці ці брыгады Міністэрства абароны, Міністэрства ўнутраных спраў, Пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь і інш.
На жаль, далёка не ўсе хлопцы адказна ставяцца да выканання свайго канстытуцыйнага абавязку перад Радзімай. Некаторыя спрабуюць любымі шляхамі праігнараваць мерапрыемствы прызыву. Як паведаміў Рыгор Козін, сёлета ўжо складзены адзін пратакол за парушэнне артыкула 25.1 часткі 3 КаАП РБ (няяўка без уважлівай прычыны на воінскую службу па павестцы). Малады чалавек з пасёлка Арэхаўскі афіцыйна атрымаў павестку, але замест таго, каб з’явіцца ў ваенкамат у вызначаны час… паехаў на адпачынак у Крым. У выніку за сваю легкадумнасць ён можа атрымаць папярэджанне ці заплаціць штраф у памеры да пяці базавых велічынь.Але, як паказвае практыка, такія негатыўныя выпадкі - адзінкавыя. Маладыя людзі ў пераважнай большасці з адказнасцю рыхтуюцца да службы ў арміі. Сёлета апране ваенную форму кабрынчанін Максім Смыкоўскі. Яго бацька Андрэй з дзяцінтва загартоўваў яго характар і волю. Максім стаў уладальнікам чырвонага пояса па японскім адзінаборстве джыу-джыцу, з’яўляецца выпускніком Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сувязі. Цяпер ён плануе трапіць на службу ў пагранічныя войскі і, магчыма, застацца служыць па кантракце.З неменшым жаданнем ідзе ў армію і выпускнік Пінскага дзяржаўнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Юрый Ліцвін з вёскі Павіцце. Ён мае сваю сям’ю, у яго нарадзіўся сын. Як адзначае Юрый, ён заўсёды толькі на асабістым прыкладзе імкнецца выхоўваць свайго нашчадка, і служба ў арміі абавязкова стане добрай сямейнай традыцыяй.Раман МЕЛЬНІК.НА ЗДЫМКУ: Рыгор Козін гутарыць з Максімам Смыкоўскім (справа) і Юрыем Ліцвінам.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: