Неба грымела, страчылі кулямёты, ноччу вогненныя снарады асвятлялі небасхіл. Ляжалі параненыя, стагналі, на машынах віселі лялькі галавой уніз, а немцы крычалі: «Сталін капут!» – так пачыналася Вялікая Айчынная вачыма дзяўчынкі з беларускай вёскі.
29 июля, "Кобринский вестник"/ У сям’і Цярэнція і Яўхіміі Асіпенка расло дзевяць дзяцей, і ва ўмовах суровага часу ім даводзілася сутыкацца з нечалавечымі цяжкасцямі. У пачатку акупацыі, перад тым як сысці з вёскі, дакументы ўсёй сям’і закапалі ў скрыні ад патронаў, а калі пасля вызвалення вярнуліся з лесу, усё было спалена, яны нічога не знайшлі. Толькі ў 1975 годзе, дакументы выявілі пры будаўніцтве калгаснага кароўніка.
Гісторыя іх дачкі, Паліны Біюмен (Асіпенка), чыё жыццё пачалося ў 1930 годзе ў вёсцы Стары Дзедзін Магілёўскай вобласці, напоўнена лёсавызначальнымі паваротамі. Паліна Цярэнцьеўна сёння жыве на Кобрынскай зямлі, надоечы адзначыўшы 95-гадовы юбілей. А як па яе ўспамінам гэта было тады, больш за 80 гадоў таму, зараз даведаемся…
Першы дзень нападу. Памятаю, што гэта была нядзеля. Моладзь за ракой танчыла пад гармонік, бубен, спявалі песні і тут... крык, плач! Мы былі на вуліцы і не ведаючы, што здарылася, галасіўшы беглі ў дом. Раптам чуем: «Вайна!». І бачым, што самалёты па тры ляцяць на захад, увесь дзень ляцелі…
Прайшоў месяц, нас збіраюць і адпраўляюць чысціць поле ад забітых. Старэйшыя закопвалі, а мы, дзеці, даставалі з кішэняў правага боку ваенных штаноў патрончык, у якім быў адрас салдата. Мы ссыпалі іх у мяшок і неслі дадому, але калі праходзілі праз патрульнага немца, ён іх забіраў і нешта крычаў. Тады на наступны дзень мы ўжо ішлі праз лес і балота, каб данесці патрончыкі да бяспечнага месца. Калі нас вызвалілі «чырвоныя», гэтыя звесткі аб загінуўшых рассылалі па адрасах ўсіх рэспублік.
Як мы жылі пры немцах, страшна ўзгадваць!
Малыя дзеці з вёсак, размешчаных каля шашэйнай дарогі, часта знікалі. Потым даведаліся, што немцы таемна кідалі іх у крытую машыну (яе называлі «чорны крумкач»), а ў машыне брахалі сабакі. Калі ішоў «чорны крумкач», усе беглі ў лес, хаваліся і пад стромкім берагам ракі ляжалі ў явары «аіры».
З-за праклятых фашыстаў мы не бачылі дзяцінства, галадалі, не давучыліся, чацвёра падлеткаў запрагаліся ў плуг, на сабе аралі зямлю, сеялі, касілі.
Немец адступаў, у той час казалі: «Чырвоная Армія гоніць немцаў у сваё логава». І вось далі загад жыхарам нашай вёскі адпраўляцца на захад. Тады ўсе сышлі ў лес, хто на чым. А мая мама запрагла ў колы карову, пагрузіла пажыткі, і мы, дзеці, махалі бярозавымі галінкамі з двух бакоў, карова цягнула воз. Жылі пад шатрамі елак, ноччу старэйшыя выходзілі з лесу, у кішэнях прыносілі каласкі, галінкі грэчкі, ваду з крыніц.
Увечары мама раздавала нам па адным сухарыку і загадвала, каб самі не бралі з мяшка, інакш заўтра памром з голаду. Гэта быў закон. І вось немцы абмінулі Смаленск, ужо гарыць наша вёска, снарады рвуцца і ўсё далей-далей ворагі прасоўваюцца да Крычава.
Раніцай жанчыны, узяўшы нас з сабой, выйшлі паглядзець у бок вёскі. Ляглі на ўскраіне, перашэптваюцца, і раптам па дарозе едзе адкрытая машына і ў ёй сядзяць два чырвонаармейца. Пад’ехалі да лесу, а далей дарога завалена дубамі, спыніліся, выйшлі з машыны і сталі гучна крычаць: «Гэй, людзі, выходзьце! Немцаў прагналі!». І так некалькі разоў.
Нашы мамы падымаюцца і бягуць да іх, мы следам. Жанчыны абдымаюць салдацікаў, плачуць, цалуюць. А нам няма месца да іх дакрануцца, тады мы ляглі на зямлю і паміж жаночых ног дапаўзлі, абнялі іх за ногі і цалуем, гладзім. Доўга так стаялі, размаўлялі, плакалі…
...Машына паехала, а мы ўсе беглі да сваіх шатроў і крычалі навіну: «Немец не вернецца!». Мы запрэглі карову і вярталіся ў вёску. Прыехалі. Страшнае відовішча. Палова згарэла. Чорныя слупы. Усё ізрыта: ямы, дрэвы абламаныя, наш дом не згарэў, але вельмі страшна было ў яго ўваходзіць – дзверы выламаныя, вокны без шкла, на падлозе тынкоўка і аскепкі. Пуста.
Мама са старэйшым братам сышлі жаць карове траву, а мы з малодшым братам вырашылі начаваць у зямлянцы, што вырылі ў пачатку вайны. Пайшлі яе шукаць. Знайшлі, а ён кажа: «Давай заспяваем забароненую песню, немец не пачуе!». І мы праспявалі: «Наляцелі, наляцелі рускія саколікі, удзіраюць да Берліна немцы-алкаголікі. Наляцэлі, наляцэлі рускія істрэбіцелі, удзіраюць да Берліна немцы-аграбіцелі!».
Дзень хіліўся да вечара, і па сяле пайшла галоска: зніклі дзеці! Усе ўключыліся ў пошук. У гэты час адзін мужык паіў каня ля возера і распавёў, што ў зямлянцы чуў спевы. Прыбеглі, лаялі. Прывялі дадому, нам і ад мамы ўляцела. А мы не разумеем, за што нас наказваюць.
Нашу вёску вызвалілі ад фашыстаў 28 верасня 1943 года.
На той момант у вёсцы ўжо арганізавалася школа – сямігодка, я перайшла ў трэці клас. А калі я вучылася ў чацвёртым, увялі ўрок «ваенная справа», дзе мы вывучалі вінтоўку: разбіралі, збіралі, чысцілі. А ўжо ў 6-7-м класах вучыліся страляць з ваенрукам.
Дзень Перамогі – як святкавала наша вёска гэты дзень! Хто паведаміў – не памятаю, напэўна, па радыё. Але ўсе, ад малога да вялікага, хто з мыліцамі, хто на чоўне пераплываў рэчку, хто з кіёчкам, беглі ў вёску. Вось гэта была радасць! Дзень Перамогі – гэты дзень забыць нельга, а слова «вайна» я б істэрла брудным ботам, каб новае пакаленне берагло мір, любіла жыццё, рабіла дабро, не чуючы свісту куль і не бачачы перад сабою выбухаў снарадаў, трупаў салдатаў і мірных жыхароў.
Калі скончыла 7 класаў вырашылі, каб паступала на швейную справу ў Мінск. Старэйшыя сёстры адправілі дакументы, а я як заплакала... Я ляўшун, і левай рукой шыю. Там будуць смяяцца з мяне, таму ў 1948 адвезлі дакументы ў Крычаўскае педвучылішча, а ў 1952 скончыла яго па спецыяльнасці «настаўнік пачатковых класаў». У выкладчыкі пайшла не таму што так хацела, а таму што выбару не было: медыцына ці педагогіка.
Аднак нягледзячы на жыццёвыя абставіны ні разу не пашкадавала аб выбары прафесіі, а толькі рада, што лёс так распарадзіўся. Атрымала накіраванне ў Брэсцкую вобласць. У 1953 выйшла замуж за Васіля Іванавіча Біюмена. Нарадзіла трое дзяцей: Васіля, Уладзіміра і Іраіду.
Працавала Паліна Біюмен у Драгічынскім, Дзівінскім, Маларыцкім раёнах і, вядома, у Кобрынскім. У Верхалессе пераехала ў пачатку 70-х і жыве там па гэты дзень. Агульны педагагічны стаж – 45 гадоў. Паліна Цярэнцьеўна – ветэран працы. Апошняе месца выкладання – Верхалеская школа, якой яна прысвяціла свае лепшыя гады настаўніцтва.
Узімку я вяжу шкарпэтачкі, а летам займаюся агародам: праполваю градкі, саджаю новыя расліны. У двары квітнеюць клумбы, ствараючы ўтульнасць і прыгажосць вакол.
Мой сын даглядае коз і трусоў, а я клапачуся пра нясушак і куранят – гэта наша маленькая гаспадарка. Мая праўнучка Сафійка, цікавячыся гісторыяй нашай сям’і, папрасіла мяне расказаць пра свае карані і важныя падзеі майго жыцця. Я з радасцю дзялюся ўспамінамі, бо кожная гісторыя – гэта частка нашага агульнага лёсу.
Тэкст і фота Ірыны АМЕЛЬЯНЧУК
Поделиться в соцсетях: