Прогноз погоды
Пн, 19 мая 2025

Когда в учёбе находишь радость...

11/08/2014 Социум Образование

Двор Кіселявецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы тоне ў квецені рознакаляровых дагледжаных клумбаў. У калідоры і кабінетах - таксама мноства кветак, тут светла і ўтульна. На сценах - яркія інфармацыйныя стэнды з абноўленымі матэрыяламі. А яшчэ – алея фотаздымкаў выпускнікоў. На другім паверсе на сценах – фатаграфіі дырэктараў гэтай установы. Прыцягвае ўвагу экспазіцыя вынікаў работы Кіселявецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы - шматлікія граматы, дыпломы, пісьмы падзякі сведчаць аб плённай рабоце калектыву. Ірына Зінкевіч - ужо дванаццаць гадоў дырэктар ДУА “Кіселявецкі дзіцячы сад-сярэдняя школа”. За дасягненні ў прафесіянальнай дзейнасці неаднаразова была ўзнагароджана, у тым ліку і нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі” ў 2013 годзе. Наогул у гэтай школе працуе з 1996 года. Вопыт, набыты на пасадах псіхолага, намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, дапамагае і зараз.У калектыве 49 чалавек, з іх 26 педагогаў. Ірына Міхайлаўна цёпла адзываецца аб калегах: “Мы імкнемся да адзінства ў калектыве, узаемнай падтрымкі, у спрэчных пытаннях шукаем залатую сярэдзіну”. На канец гэтага навучальнага года ва ўстанове было 162 выхаванцы: 43 дашкольнікі і 119 вучняў. Дырэктар лічыць, што ўсе дзеці таленавітыя, і задача школы – стварыць умовы для раскрыцця гэтых талентаў, садзейнічаць іх развіццю. Тут вучаць выхаванцаў бачыць праблему, шукаць шляхі для яе рашэння, аналізаваць і рабіць вынікі. Ірына Міхайлаўна любіць дзяцей з характарам, якія ўмеюць дабівацца свайго.Вялікую ўвагу педагогі надаюць выхаванню пачуцця любові да малой радзімы. “Калі чалавек ведае свае карані, з павагай ставіцца да аднавяскоўцаў, ганарыцца дасягненнямі вёскі – ён ніколі не будзе паступаць дрэнна, - заўважае дырэктар. Цікава і тое, што 24 працэнты ад колькасці работнікаў установы – яе выпускнікі.Вучні штогод прымаюць удзел у навукова-практычных канферэнцыях школьнікаў. Напісаныя на мясцовым матэрыяле, даследчыя работы займаюць прызавыя месцы. У гэтым годзе атрымалі дыплом 2-й ступені за праект “Гучанне маёй зямлі” ў намінацыі “Тапаніміка родных мясцін” рэспубліканскага конкурсу па краязнаўстве “Я родным краем ганаруся”. Пераможнае першае месца заняла ўстанова ў абласным конкурсе-прэзентацыі школ аграгарадкоў “Школа аграгарадка – школа выхавання грамадзянскасці, патрыятызму і маральнасці”. Ёсць поспехі і ў напрамках энерга- і здароўезберажэння.Навучанне – складаная праца, тут вучаць знаходзіць у гэтай працы радасць.Людміла ДУБІНА.Фота з архіва Ірыны Зінкевіч.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу