Напрыканцы ліпеня з пятым візітам Бельск-Падляскі наведалі фальклорныя калектывы з Навасёлак, Верхалесся, Лелікава, Дзівіна, Акцябра і Бельска.
Першы фестываль - 9-ты Падляска-Палескі фестываль “Там па маёвай расе”, пра які мы пісалі неаднаразова, праходзіў з мая па канец чэрвеня. Кабрынчане прывозілі сюды юр’еўскія, троіцкія і мікольскія абрады.
Другі фестываль - Восьмыя жніўныя сустрэчы “Алень па бары ходзіць” - цягнуўся ўвесь ліпень. На зажынкі і дажынкі палякі ізноў запрасілі кабрынчан.
Распачынаць жніво ў Польшчу паехаў калектыў Балоцкага СДК. З сярпамі і спевамі восем удзельніц хору разам з польскімі калегамі адправіліся ў поле. Тут іх благаславіў святар царквы вёскі Гарадзіска. Жанчыны зжалі першыя снапы пад зажыначныя песні і склалі іх у вялікую “бабку”. Ну, а потым польскія гледачы змаглі паслухаць святочную праграму з 40 песень, большасць з якіх балоцкія артысты сабралі ў найстарэйшых жыхароў вёскі. Такія ж канцэрты ў два наступныя дні ўбачылі і жыхары пяці іншых польскіх вёсак.
- Акрамя свайго традыцыйнага балоцкага фальклору, мы выконвалі народныя беларускія песні, - расказваюць удзельнікі хору. - І самае дзіўнае, што многія песні палякі ведаюць. Напрыклад, “Чым я не гаспадыня”, “Як касіў Якім грэчку” і г. д. Гледачы разумелі іх і нават падпявалі. А яшчэ палякі вельмі гасцінна нас прымалі: у кожнай з вёсак быў накрыты стол з разнастайнымі стравамі. Асабліва вытанчанай была выпечка.
Дажыначныя песні на заключны канцэрт, які праходзіў у апошнія выхадныя ліпеня, павезлі адразу некалькі калектываў нашага раёна – з Навасёлак, Верхалесся, Лелікава, Дзівіна, Акцябра і Бельска.
- Нашы жанчыны дажалі апошнюю палоску поля ў вёсцы Студзіводы, спяваючы традыцыйныя для Кобрынскага раёна песні, - расказвае дырэктар метадычнага цэнтра Кобрынскага райвыканкама Вольга П’янцава. - Таксама калектывам давялося пабыць на 100-гадовым юбілеі праваслаўнай царквы ў вёсцы Такары. У гэты дзень тут таксама святкавалі і 160-годдзе з моманту паяўлення Божай Маці. З нагоды такой падзеі наша каравайніца Марыя Кірылюк уручыла спечаны каравай мітрапаліту Варшаўскаму Саве.
Артысты таксама паглядзелі музей малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах і закрылі экспазіцыю традыцыйных строяў Кобрыншчыны, якая дзейнічала на працягу трох месяцаў. На развітанне кабрынчане далі яшчэ некалькі канцэртаў.
Па выніках фестываляў арганізатары запішуць дыск з усімі песнямі, якія тут прагучалі. А гэта былі і драгічынскія, і лунінецкія і іншыя фальклорныя выканаўцы Брэсцкай вобласці. Увойдуць у музычны зборнік і песні кобрынскіх калектываў.
Настасся ЗАНЬКО.
Фота з архіва аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама.
Поделиться в соцсетях: