«Мова наша ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая… Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» – гэтае выказванне Францішка Багушэвіча даўно стала прафесіянальным крэда Ірыны Здановіч, якая выкладае родную мову і літаратуру ў ДУА «Сярэдняя школа № 4 г. Кобрына імя воінаў-інтэрнацыяналістаў». Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы мы сустрэліся з настаўніцай, каб даведацца пра яе бачанне ролі мовы ў сучасным свеце, пра метады, якія яна выкарыстоўвае на сваіх уроках, каб прывіць дзецям любоў да роднага слова.
– Ірыну Здановіч на Кобрыншчыне ведаюць як таленавітага творчага настаўніка, які шмат робіць для захавання і папулярызацыі беларускай мовы. А з чаго ўсе пачалося?
– Мабыць, усё пачыналася з Акцябрскай сярэдняй школы, у якой мне пашанцавала навучацца да 1996 года. Мне пашчасціла ісці па «дарозе ведаў» з такімі педагогамі, як Марыя Іванаўна Каўшук і Валянціна Уладзіміраўна Шаўчук. Менавіта яны, строгія, адказныя, добрыя настаўнікі беларускай і рускай мовы і літаратуры і паўплывалі на выбар будучай прафесіі.
– Лёс скіраваў Вас у Брэст. Ваша alma-mater – Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна. Чаму беларуская філалогія?
– Зацікавілася беларускай філалогіяй таму, што адчувала ў сэрцы асаблівую сувязь з роднай зямлёй, яе культурай і гісторыяй. Мяне заўсёды вабіла магія беларускага слова, яго непаўторны каларыт і меладычнасць. Я верыла і веру, што менавіта праз мову мы можам зразумець сябе, свае карані і сваё месца ў свеце. Сэрцам выбраўшы прафесію настаўніка роднай мовы і літаратуры, я ні разу на працягу дваццаці гадоў не пашкадавала аб гэтым. Кожны дзень на мяне глядзяць мае вучні, глядзяць як на носьбіта нацыянальнай культуры, традыцый, духоўнасці, і ад таго, якімі яны стануць, залежыць будучыня маёй краіны і маё будучае жыццё.
– Сёння не кожны можа і хоча размаўляць на беларускай мове, часцей выкарыстоўваецца руская. Як у вас атрымоўваецца зацікавіць падлеткаў вывучаць родную мову?
– Так, сапраўды, моладзь часцей за ўсё размаўляе па-руску, і ў гэтым няма нічога дрэннага, таму што ў нашай краіне дзве афіцыйныя мовы. Але разам з тым з асабістага вопыту магу зрабіць выснову, што нашы дзеці добра ведаюць родную мову і пры неабходнасці многія могуць свабодна на ёй размаўляць. Мне здаецца, мы, беларусы, валодаем сваёй мовай на нейкім падсвядомым узроўні. Гэта наш генетычны код, нашы карані. Гэта мова нашых продкаў, а значыць – наша гісторыя і культура, якую мы шануем і памятаем.
– Сёння на розных педагагічных форумах часта гучыць пытанне: як навучыць дзяцей вучыцца?
– Каб мець права вучыць, трэба самому пастаянна ўдасканальвацца. Каб быць на «адной хвалі» з вучнямі, неабходна добра арыентавацца ў сучасных гаджэтах. Таму адным з маіх захапленняў стала авалоданне новымі праграмамі, якія робяць навучанне больш цікавым і разнастайным. Адукацыйныя платформы і нейрасеткі Wordwall, Сanva, Шэдэврум выкарыстоўваюць падчас вучобы і мае навучэнцы. Таксама я з вялікім задавальненнем наведваю навучальныя курсы і вэбінары, з'яўляюся членам раённай творчай групы настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, удзельнічаю ў шматлікіх конкурсах. У 2017 годзе стала лаўрэатам абласнога этапу конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года». У 2020 годзе прымала ўдзел у першым абласным Фестывалі педагагічных ідэй «Берасцейскія сустрэчы», дзе выступала з майстар-класам пра візуальныя сродкі навучання. Неаднаразова прымала ўдзел у конкурсах метадычных распрацовак.
– Якія напрамкі ў рабоце настаўніка-беларусазнаўцы лічыце галоўнымі?
– Асноўная наша задача – фарміраванне ў вучняў патрыятызму і грамадзянскасці, заснаваных на любві да сваёй зямлі, мовы, народа, на павазе да гісторыі сваёй Радзімы, яе нацыянальнай культуры, традыцый і звычаяў. Адным з сродкаў, што дапамагае яе вырашэнню, з’яўляецца даследчая дзейнасць, у якую ахвотна ўключаюцца мае вучні. У скарбонцы дзіцячых перамог – работа «Мой род. Мая сям, я», сямейныя летапісы «Мая радаслоўная», сацыяльныя і творчыя праекты «Мая сям, я – мой гонар» і «Мае землякі – мой гонар», даследчая работа «Пасланне ад продкаў – ручнік» і іншыя. У 2020 годзе навукова-даследчая работа «Сацыяльныя і маральна-этычныя праблемы ў раманах Юрыя Станкевіча «Любіць ноч – права пацукоў» і Жазэ Сарамага «Слепата» была адзначана дыпломам ІІ ступені на абласным этапе канферэнцыі «З навукай у будучыню». У гэтым навучальным годзе разам з адзінаццацікласніцай Аляўцінай Дузінчук працавалі над раманам Уладзіміра Гніламёдава «Валошкі на мяжы». Работа, у якой мы даследвалі лёс беларускага народа ў гады польскай акупацыі, была адзначана дыпломам І ступені на абласным этапе конкурсу даследчых работ. Сёння, калі гістарычная памяць беларусаў падвяргаецца атакам і разнастайным фальсіфікацыям, а на Захадзе працягваюцца спробы ўсяляк «абяліць» палітыку польскага Ураду ў 1930-х гадах, нам важна ведаць праўду пра гэтую трагічную старонку нашай краіны, тым больш, што мастацкая літаратура распавядае аб гэтым вельмі рэалістычна.
–Як адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы?
– Штогод мы робім так, каб гэты дзень быў асаблівым і непаўторным. Таму прапануем вучням, бацькам, гасцям школы самыя разнастайныя формы святкавання. На працягу тыдня настаўнікі праводзяць інтэлектуальныя гульні, інфармацыйныя і класныя гадзіны, паўсюль гучаць любімыя песні на роднай мове. Традыцыйнымі сталі фестываль «Песня – душа народа», літаратурна-музычная кампазіцыя «Гучы, роднае слова!», творчы конкурс «Малюем родную мову», Вялікая беларуская дыктоўка, праект «Букет любімых беларускіх слоў», «Свята беларускай кухні» і іншыя. У гэтым годзе правялі акцыю сярод вучняў «Дыктант на выдатна», наладзілі выставу «Размаўляй са мной па-беларуску!», склалі і правялі фізкультхвілінкі на роднай мове, для вучняў, іх бацькоў і работнікаў школы абвясцілі конкурс фотаздымкаў «Радзіма ў маім сэрцы». Спадзяюся, такія мерапрыемствы дапамагаюць яшчэ раз пераканацца ў тым, што наша беларуская мова самая прыгожая, пявучая, меладычная.
– Што дастаўляе Вам у працы найбольшую асалоду?
– Я шчаслівая, калі бачу, што вучням падабаецца вучыцца. Калі ёсць вынікі работы. Мае вучні – удзельнікі і пераможцы шматлікіх конкурсаў і алімпіяд па беларускай мове і літаратуры, актыўныя ўдзельнікі класных і агульнашкольных пазакласных мерапрыемстваў. Я атрымліваю вялікае задавальненне ад такіх вынікаў работы, але сапраўдны падарунак для мяне – гэта словы маіх вучняў: «Дзякуй вам за ўрок! Сёння мы адчулі сябе сапраўднымі беларусамі!»
Гутарыла Жанна ЕЛІЗАРАВА
Фота Ірыны АМЕЛЬЯНЧУК
Поделиться в соцсетях: