Дзякуючы мінскаму выдавецтву «Каўчэг» у снежні 2021 года ўбачыў свет новы паэтычны зборнік кобрынскай паэткі Зінаіды Навасад «Цябе да сэрца прытуліла».
Такую ж незвычайна прыгожую, кранальна чуллівую назву мае і адзін з яе лірычных вершаў, які заканчваецца страфой:
І так мне хораша і міла!Усхваляваная стаю.Цябе да сэрца прытуліла,Старонку родную сваю.
Назва новай кнігі адпавядае стану душы паэткі і суадносіцца з унутраным зместам твораў у вобразным і метафарычным плане. Так, вобраз малой радзімы для творцы гэта не толькі бацькоўскі дом, родная вёска Залессе, што ў Драгічынскім раёне, але і – зялёнае дзіва, вясновая квецень, казка жывая, зоркі ў расе, рамонкавы звон, палі ў калоссях залатых, маляўнічы краявід. У адным з такіх прачулых, патрыятычных вершаў аўтар з замілаванасцю і пяшчотай прамаўляе:
Ах, мілая, любая вёсачка, –Куток беларускай зямлі!І лес твой, і поля палосачкаДа сэрца майго прыраслі.
Не меншай метафарычнасцю аздоблены і вобраз дарогі ў творцы. Больш таго, гэты вобраз чырвонай рысай праходзіць не толькі праз душу і сэрца паэткі, але і праз многія яе вершы, якой бы тэматыкі яны ні былі. Бо гэта і родныя вясковыя вулачкі, і сцяжыначка на ўскрайку сяла, што ў лес у грыбы вяла, гэта і грунтавая дарога, па якой разам з сябрамі хадзіла да школы ў суседнюю вёску, гэта і тая каляіна, па якой ехала разам з бацькамі конікам на сенажаць і там «то варушыла сенца, то грабла» і, несумненна, нялёгкі жыццёвы шлях перад шматгранным абліччам свету.
Паступова і мэтанакіравана ў паэткі фарміравалася творчая асоба са сваім светаадчуваннем і светапоглядам.
Друкавалася паэтка ў калектыўных зборніках паэзіі «Вдохновение», «Рифмы веры», «За всё Создателю спасибо», «Героическая Брестчина», у альманахах «Жырандоля», «Берасцейская скарбніца», дзіцячым часопісе «Крынічка», у рэспубліканскіх, абласных і раённых газетах.
Зінаіда Навасад выступае не толькі як паэт-лірык, паэт-пейзажыст, патрыёт, але і як паэт-філосаф, паэт-дарадца, настаўнік і, што вельмі важна, – паэт-духаўнік, які сам шчыра моліцца і горача заклікае свайго чытача маліцца «за мір, за свой народ, за Беларусь». Так, у вершы «Калі не ты...» яна, звяртаючыся да чытацкай публікі, з хваляваннем прамаўляе:
Мы ўсе ў адзінай звязцы, людзі.Сярод засілля цемнатыМаліцца хто за мір наш будзе,Калі не мы, не я, не ты?!
Маліцца за мір у разуменні аўтара – гэта не толькі прамаўляць малітву, але і ісці ад цемры да святла, падымацца ад нізіннага да вышэйшага, ад нікчэмнага да значнага, вызваляцца ад зла і імкнуцца да спагады, дабрыні, выхоўваць у сабе і перадаваць іншым спрадвечныя хрысціянскія каштоўнасці. Сцвярджаць такое можа толькі чалавек, які прайшоў нялёгкі жыццёвы шлях, мае вялікі вопыт і багатыя веды, сам у сабе выкрышталізаваў высокую чалавечую годнасць, грамадзянскую свядомасць.
Лірычная гераіня (лічы сама аўтар) – асоба тонкай натуры, з адкрытай душой, чулым сэрцам. Яна ў кожнай дробязі ўмее бачыць нешта асаблівае.
Высокі патрыятызм і гонар за верных Радзіме і свайму службоваму доўгу сыноў адлюстраваны паэткай у вершы «Міліцыі салдаты».
Вялікая цеплыня і павага адчуваецца ў радках, прысвечаных старэйшаму сябру па службе Аркадзю Бараноўскаму, з якім працавала ў Завадскім аддзеле міліцыі г. Мінска. Прысвячэнне называецца «Дарагому сябру».
Вершы паэткі прапаведуюць веру ў дабро, чалавечы розум, шчаслівае жыццё, выпраменьваюць лірычную прыгажосць, прыгожосць людскіх пачуццяў.
Паэтка любіць і паважае родную мову. «Калі не любіш роднай мовы, // Свае губляеш карані…» – сцвярджае аўтар.
У зборнік, акрамя вершаў, уключана паэма на ваенную тэму «На смерць узятых ратаваў…» і пераклады з рускай мовы твораў аднаго з яе любімых аўта-раў – брэсцкага паэта-франтавіка Аляксея Бакуменкі з яго кнігі «Мой белый свет». І ў перакладчыцы гэта даволі ўдала атрымалася.
Новая кніга Зінаіды Навасад – гэта ода любімай старонцы, гэта малітва душы да Высяў за свой народ, за Беларусь.
Надзея ПАРЧУК, член Саюза пісьменнікаў БеларусіФОТА: ЛЮДМІЛА ДУБІНА
Поделиться в соцсетях: