11 лістапада, "Кобрынскі веснік"/
- Што я магу расказаць? Не помню ўжо нічога. Старая зусім, сцерлася ўсё, толькі боль на сэрцы застаўся ад перажытага. Навошта ім дзяліцца? – Сафія Росал з неахвотай згаджаецца на размову: – Хіба толькі дзеля моладзі, каб яна магла параўнаць, як раней жылі, шанаваць і берагчы навучылася, што зараз мае.
У пакой заходзіць муж Аляксей Мікіціч. Ён супакойвае жонку, у якой, пэўна, ад нешта згаданага, па маршчынцы збегла сляза…
Нарадзілася Сафія Рыгораўна ў 1933 годзе ў вёсцы Рыбна. Маці яе выйшла замуж за ўдаўца. У таго было трое сваіх дзяцей, затым нарадзілася яшчэ пяцёра.
– Я ў сям’і малодшая была, – заўважае гераіня і згадвае аповед пра тое, як яе згубілі: – Пры Польшчы гэта было. Паны прымушалі мясцовае насельніцтва высяляцца на хутары. Бацькі хату разабралі, па частках з клункамі – няхітрымі пажыткамі на кані ў спешцы перавозілі.
Не ведаю, як так здарылася, але мяне згубілі. Хутчэй за ўсё маці наказала старэйшым прыглядаць за мной, а тыя паспадзяваліся адзін на аднаго. Апамяталіся, калі ўжо ўсё перавезлі. Мне тады яшчэ і паўгода не было. Цётка пачула плач і забрала да сябе, потым ужо маці прыйшла.Чаму я пра гэта расказваю? Можа, таму, што і ўся доля мая так пайшла?
Найперш памёр бацька, у хуткім часе – маці. Сафіі тады гадоў дванаццаць было:
– Я жыла пры старэйшым браце. Вайна, смерць, голад… Помню, кароў пасеш, хаваешся ў карчах, каб лішні раз з немцамі не сустрэцца. Толькі чуеш свіст куль. Баішся, каб цябе не зачапіла. Гэта яны ўсё партызан шукалі.
Аляксей Мікіціч, які ў гады вайны жыў у суседняй вёсцы Закалнечне (дарэчы, таксама ў дзяцінстве застаўся сіратой), помніць, як лютавалі паліцаі з немцамі і ў іх вёсцы. Дзяцей малых цукеркамі залагоджвалі, каб тыя якую інфармацыю пра партызан расказалі, можа, бачылі іх у мястэчку. Адбіралі ў людзей яйкі, малако.
Малыя позняй восенню хадзілі па чужым выкапаным полі, каб якую бульбіну знайсці. Летам харчаваліся ягадамі з лесу. Такім запомнілі маленства мае героі. Згадваюць яны, як пасля вызвалення Беларусі, калі ўжо прагналі ворагаў, бандэраўцы з’явіліся. Мясцовае насельніцтва баялася іх не менш за фашыстаў, называла іх нелюдзямі. Першыя пасляваенныя гады таксама былі цяжкімі.
Сафія Рыгораўна расказвае, як жыта жала:
– Малая, худая. Ніхто мяне не вучыў нават, як гэта трэба рабіць. Узяла ў рукі серп і пайшла з жанчынамі на калгаснае поле. За дзень так натомішся, што потым цэлую ноч усё баліць, баішся, каб далонь не апухла, бо як заўтра будзеш жаць? А вязаць снапы – таксама трэба налаўчыцца. Доўгі час ніяк не атрымлівалася. А яны ж яшчэ і цяжкія – не дзіцячая сіла трэба. Калі рабілі стагі, прасілася наверх, бо складаць лягчэй, чым падымаць.
Пасля замужжа, каб назбіраць грошай на ўласную хату, маладыя на некаторы час падаліся на Украіну: Аляксей Мікіціч працаваў на будоўлі, Сафія Рыгораўна – у сельскай гаспадарцы.
– Год тады выдаўся неўраджайным, каб не муж, нічога не зарабілі б. Неяк сваімі сіламі пабудавалі хату, у якой і зараз жывём.
Не зведала Сафія Рыгораўна ні ласкі матулі, якая рана памерла, не чула цёплага слова адс тарэйшых братоў і сясцёр – і не таму, што не любілі.
– Не было часу ім на сентыменты, пра кусок хлеба трэба думаць, сваіх дзяцей глядзець, – апраўдвае родных субяседніца.
На жаль, не спазнала яна і шчасця мацярынства:
– Дзве дачушкі памерлі немаўлятамі – адна ў два, другая ў шэсць месяцаў. Больш дзяцей Бог не даў...
Цяжкасці не раз’ядналі маіх герояў. Жылі – не шукалі лепшай долі, бераглі сваё, знаходзілі радасць у кожным дні, у маленькіх дробязях, рабоце. Беражліва захоўваюць медалі, якімі ўзнагароджаны як ветэраны працы і перадавікі.
Яны – падтрымка, апора адзін аднаму, і тады, калі толькі лёс звёў іх, і зараз. Выйшла жонка на двор – няма доўга – муж ужо хвалюецца, ідзе шукаць, каб што не здарылася. Так і яна: шкадуе свайго Аляксея. Заўважаюць, што толькі час і пажыць добра, ды мала яго ў іх засталося.
Тэкст і фота Алены БАКУН
Поделиться в соцсетях: