1949 год. З надзеямі на новае жыццё па краіне ўтвараюцца калгасы. Не выключэнне і вёска Хідры, тут пачынае свой адлік “Сталінская канстытуцыя”.Амаль праз дзесяць гадоў (калгас ужо называецца “Зара”) па размеркаванні з Гродзенскай вобласці сюды прыязджае працаваць заатэхнікам маладая дзяўчына Зоя Дубінка.- Я прыехала сюды і спужалася, - узгадвае Зоя Уладзіміраўна. - Вёскі амаль не было. Хутары, ды некалькі дамоў. Людзям плацілі мала. Як жыць, за што есці?.. Першым маім жаданнем было збегчы.Але дзяўчыну падтрымаў першы старшыня калгаса Іосіф Дубінка. Ён сказаў: “Не спяшайся! Усё тут будзе добра, і ты ўладкуешся, і жыццё зусім іншае будзе”.Яго словы сталі прарочымі. Праз некаторы час Іосіф Дубінка ўступіў месца актыўнаму, энергічнаму, прагрэсіўнаму Анатолю Гуцаву. І ўсё пайшло неяк па-новаму. Штомесяц пачалі плаціць зарплату, распачалося будаўніцтва ферм, свінафермы, плавальнага басейна, будынка праўлення калгаса. Дзякуючы Анатолю Емяльянавічу ў вёску прыйшоў газ.35 гадоў прапрацаваў на пасадзе старшыні паслядоўнік Гуцава і Дубінкі - Іван Тарасюк. Не спыняліся будаўніцтва, газіфікацыя, уладкаванне дарог. Значны ўклад у развіццё СВК унеслі спецыялісты Вольга Дзмітрук, Марыя Дубінка, Лідзія Турко.Ужо пяць гадоў годна працягвае справу былы эканаміст, а сёння старшыня СВК “Узыходзячая зара”, ураджэнка в. Хідры Таццяна Дземідзюк.
Гэты год стаў рэкордным па ўраджайнасці збожжавых каласавых культур для сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва. Па выніках уборкі збожжавых і зернебабовых ён стаў трэцім у вобласці. Аб гэтым сведчыць Ганаровы дыплом за подпісам старшыні Брэсцкага абласнога камітэта Канстанціна Сумара, які ўзнагародзіў калектыў на “Дажынках-2014”. Шэраг іншых узнагарод і дыпломаў заняў сваё пачэснае месца ў кабінеце старшыні СВК Таццяны Дземідзюк.Шмат зроблена ў гаспадарцы за гэты час, асабліва ў тэхнічным забеспячэнні. Працягваецца далейшая рэканструкцыя свінакомплексаў, будуюцца новыя памяшканні. На балансе СВК ёсць дзіцячы садок, плавальны басейн, баня, масажны і зубапратэзны кабінеты, пральня.“Узыходзячая зара” спецыялізуецца на мяса-малочнай вытворчасці, асноўная галіна - свінагадоўля.- Хоць нашы землі і бедныя, але дзякуючы сённяшнім тэхналогіям, угнаенням, насенню і, зразумела, працавітым людзям мы поўнасцю забяспечаны неабходымі кармамі, - адзначае Таццяна Паўлаўна. - Рэкордны ўраджай гэтага года налічвае 13000 тон збожжа. Радуе сваімі вынікамі і малочная галіна. Сёлета плануецца атрымаць 7,450 тысячы кілаграмаў малака на карову, 64% малака здаецца сортам “экстра”.- Трэба любіць сваю працу, і тады ўсё атрымаецца! - упэўнена старшыня.Галоўны аграном Васіль Мікіцюк, галоўны інжынер Мікалай Назарук, ветурач Сяргей Пятроўскі, механізатары Іван Штык, Уладзімір Штык, Алег Семянюк, першая ў вобласці сярод даярак Святлана Батурка… Пералічваць імёны сваіх лепшых працаўнікоў Таццяна Паўлаўна можа доўга. Усяго ў СВК працуюць 385 чалавек. Маладых спецыялістаў - 12. Адпрацаваўшы, моладзь з задавальненнем застаецца ў аграгарадку.Таццяна Дземідзюк з павагай ставіцца да калег, імкнецца стварыць спрыяльныя ўмовы для працы. Кааператыў за дасягнутыя высокія паказчыкі ў сацыяльна-эканамічным развіцці па выніках працы за 2013 год узнагарожданы дыпломам ад Брэсцкага аблвыканкама і занесены на Дошку гонару.- Колькі я працавала, - успамінае Зоя Дубінка, - у СВК заўсёды былі цудоўныя людзі. Неяк шанцавала гаспадарцы на кіраўнікоў і рабочых.Сама ж Зоя Уладзіміраўна, “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі”, узнагароджана некалькімі ордэнамі. Багатая гісторыя “Узыходзячай зары” і на Герояў Сацыялістычнай Працы.- “Зара” - мая Радзіма, маё жыццё, - гаворыць Зоя Дубінка. - Нягледзячы на ўсе жыццёвыя складанасці я лічу, што прыехала сюды недарэмна.Ірына ЛЕСІК.Фота Рамана МЕЛЬНІКА.
Поделиться в соцсетях: