Жыць ва ўнісон са сваімі схільнасцямі атрымліваецца далёка не ў кожнага. Але калі здараецца менавіта гэтак, можна быць упэўненым: займацца сваёй справай такі чалавек будзе з усёй душой. Тым больш, калі справа гэтая датычыцца творчасці - як у нашай сённяшняй гераіні, мастацкага кіраўніка народнага ансамбля “Бурштын” Таццяны Татолінай.- Так ужо атрымалася, что музыка ідзе побач з маім жыццём з дзяцінства, - расказвае Таццяна Паўлаўна. - Яна заўсёды была навокал мяне - яшчэ нават да таго, як я сама пачала хадзіць у музычную школу. Памятаю, як іграў на гармоніку мой тата, якія цудоўныя песні спявалі на вяселлях і іншых урачыстасцях нашы бабулі… Я расла ў атмасферы творчасці - і нядзіўна, што калі надышоў час выбіраць дарогу жыцця, выбар ужо практычна быў зроблены.А потым было музычна-педагагічнае вучылішча, праца ў школе і ў сельскім клубе, і, зразумела, удасканаленне на творчым шляху. Першы самадзейны вакальна-інструментальны ансамбль “Краса”, які стварыла Таццяна Татоліна разам са сваімі аднадумцамі, і сёння жыве ў памяці жыхароў вёскі Корчыцы. Як адзначае наша гераіня, так усё жыццё ёй і давялося працаваць у дзвюх сферах адразу - адной нагой у адукацыі, а другой - у культуры. І нават калі лёс прымусіў Таццяну Паўлаўну пакінуць Беларусь - калі разам з мужам яна пераехала на Поўнач, пра сваё захапленне не забыла - падлеткавы ансамбль “Сударушка”, створаны пад яе кіраўніцтвам, паспеў адзначыцца нават у Амерыцы і Італіі.Прайшлі гады – і той самы лёс, які калісьці адарваў Таццяну Татоліну ад Радзімы, вярнуў яе назад на Кобрыншчыну. А неўзабаве ў 2005 годзе з’явіўся ансамбль “Бурштын”, які сёння выдатна ведаюць не толькі ў нашым раёне, але і далёка за яго межамі.- Першапачатковая ідэя стварэння ансамбля пайшла ад начальніка аддзела культуры Надзеі Жук, - успамінае Таццяна Татоліна. - А пачыналася ўсё з невялічкай вакальнай групкі - і было на той час у нас усяго 6 ці 8 чалавек. Так нараджаўся “Бурштын”…Сёння ў ансамблі, акрамя вакальнай, ёсць інструментальная і танцавальная групы - усяго ж “Бурштын” налічвае 23 артысты. Штогод калектыў дабаўляе ў сваю скарбонку новыя дасягненні. Дыплом трэцяй ступені на рэспубліканскім фестывалі харавога мастацтва 2012 года, дыплом лаўрэата на фестывалі “Белая лілея” ў Малдове ў 2013-м, высокая адзнака і дыплом за выступленне ў Эстоніі, дыплом першай ступені на выставе-кірмашы ў Польшчы - гэта толькі за апошнія гады. Згадзіцеся, ёсць чым ганарыцца.Таццяна Татоліна ўпэўнена: у калектыву перш за ўсё павінна быць сваё індывідуальнае аблічча. Для “Бурштына” гэта - своеасаблівае спалучэнне танца, песні і музыкі, іх поўнае і гарманічнае адзінства. Аднак за знешняй лёгкасцю, якую бачаць на выступленнях “Бурштына” гледачы, - цяжкая праца ўсяго калектыву, заснаваная на велізарным энтузіязме яго ўдзельнікаў. Але намаганні вяртаюцца ў сто разоў - у выглядзе цудоўных эмоцый пасля чарговага ўдалага выступлення.А самае дарагое, як адзначыла на развітанне Таццяна Татоліна, - гэта шчырыя прызнанні гледачоў, іх удзячнасць. А яшчэ - адчуванне таго, што на самай справе зроблена ўсё магчымае, што кожны з удзельнікаў вылажыўся да самага канца - і гэта прынесла вынік.Дзмітрый БЯЛОЎ.Фота з архіва ансамбля “Бурштын”.
Поделиться в соцсетях: