Максім Багдановіч - гонар і слава беларускай літаратуры, адзін з самых знакамітых і любімых паэтаў. Творчасць славутага майстра - гэта свет прыгажосці, гармоніі, асэнсавання жыцця. Ён вядомы як паэт-наватар, празаік, цудоўны перакладчык, тонкі і ўдумлівы крытык, гісторык і тэарэтык літаратуры, публіцыст. Але перш за ўсё Максім Багдановіч - арыгінальны паэт з высокім ідэйна-мастацкім узроўнем твораў, іх жанравай і тэматычнай разнастайнасцю. Яго вершы поўныя шчырых і хвалюючых пачуццяў, адзначаныя тонкім псіхалагізмам, музычнасцю, эмацыяналынасцю. Спадчына выдатнага майстра стала каштоўным набыткам беларускай і сусветнай духоўнай культуры. Ніна Ватацы - вядомая даследчыца жыццёвага і творчага шляху паэта, адзначала: "Максім Багдановіч пражыў усяго 25 гадоў, але плёну гэтага жыцця, кароткага і яркага, як бліскавіца, суджана тое даўгалецце, якім лёс надзяляе ўсё сапраўды таленавітае на зямлі".
Да святкавання 120-годдзя з дня нараджэння паэта плануецца аднавіць дом, у якім майстар слова жыў у Мінску; правесці рамонт філіяла Літаратурнага музея Максіма Багдановіча "Беларуская хатка", усталяваць помнік у яго гонар у Гродне, стварыць у Ялцінскім гісторыка-літаратурным музеі залу творцы. Акрамя таго, убачыць свет энцыклапедыя, прысвечаная Максіму Багдановічу, трэцяе факсімільнае перавыданне зборніка вершаў "Вянок", будзе выпушчаны зборнік успамінаў і прысвячэнняў класіку беларускай літарагуры "Пясняр чыстае красы" з серыі "Жыццё знакамітых людзей Беларусі". На базе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пройдзе навуковая канферэнцыя "Максім Багдановіч у сучасным літаратурным кантэксце". Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў Дзень беларускага пісьменства ажыццявіць прэзентацыю мультымедыйнага выдання "Паэт красы і гармоніі: да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча”, якое ўключыць усю яго творчую спадчыну.
Сярод мерапрыемстваў Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі - арганізацыя адкрытага прагляду літаратуры “У вянок Максіму Багдановічу”, які функцыянуе ў чытальнай зале. На праглядзе прадстаўлены творы Максіма Багдановіча, матэрыял аб жыцці і творчасці паэта, успаміны аб ім, інфармацыя аб асобных напрамках і тэмах творчасці. Выстава змяшчае кнігі, артыкулы з газет і часопісаў, біяграфічныя матэрыялы, успаміны, пісьмы, партрэты паэта, фотаздымкі, цытаты з вершаў Максіма Багдановіча, выказванні вядомых людзей аб паэце, бібліяграфічныя выданні.
Прадстаўленыя на выставе крыніцы знаёмяць з паэтычнай творчасцю Максіма Багдановіча, яго грамадзянскай, пейзажнай, інтымнай лірыкай, фальклорнымі матывамі, даюць магчымасць пазнаць паэта як празаіка, крытыка, публіцыста.
Вялікая любоў жыве ў народзе і да паэзіі Максіма Багдановіча, і да яго самога - як чалавека таленавітага і самаадданага. Кожнае пакаленне зноў і зноў адкрывае для сябе веліч асобы паэта і незвычайнае хараство яго лірыкі.
Святлана КУРАЧУК,
галоўны бібліёграф цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Поделиться в соцсетях: