Хто з бацькоў не марыць, каб яго дзіця годна трымалася на сцэне, хораша танцавала або звонка спявала, вышывала стужкамі ці нават спрытна жангліравала? Гэтымі і іншымі ўменнямі можна авалодаць, наведваючы гурткі Палаца культуры. Дзень адчыненых дзвярэй гэтай установы шчыра вітаў амаль поўную залу гасцей. Сюды, у творчую майстэрню, дзе гартуюцца таленавітыя зорачкі, і завіталі неабыякавыя бацькі са сваімі дзецьмі.- Мае дзяўчаткі раней займаліся ў гуртках пры Палацы культуры. Сёння мы прыйшлі, каб аднавіць нашы наведванні, - гаворыць Ірына Алексяюк, мама Яны і Ганны.
- Марыі 7 гадоў, Ксеніі - 13, - распытваем сям’ю Крачка. - Сёння, - гаворыць мама Галіна, - усе разам мы абавязкова вызначымся з выбарам заняткаў па інтарэсах.Свята захапленняў пачалося яшчэ каля самога Палаца культуры, дзе была створана імправізаваная гульнявая пляцоўка з казачнымі персанажамі, мыльнымі бурбалкамі і добрым настроем.Больш падрабязна пазнаёміцца з дзейнасцю дзіцячых гурткоў можна было, завітаўшы ў фае Палаца. Інфармацыйны стэнд, выстава мастацкіх вырабаў удзельнікаў узорнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Натхненне”… Цікавасць і аншлаг выклікала тэатралізаваны спектакль-казка "Аліса ў Краіне цудаў" (рэжысёр Валерыя Закірзянава). Казка аб’яднала таленавітых удзельнікаў дзіцячых калектываў, нумары якіх гарманічна стварылі незвычайную казку. Шчырымі апладысментамі гледачы высока ацанілі намаганні дзяцей і іх педагогаў.У гэты ж дзень, па заканчэнні мерапрыемства ў актавай зале, бацькі з дзецьмі накіраваліся ў творчыя майстэрні-кабінеты, каб запісацца на заняткі.Разам з імі невялічкую завочную экскурсію зробім і мы.Чытаем шыльду: “Узорная тэатральная студыя “Рытм”, кіраўнік Таццяна Дрык”. Трапляем у шматлюдны кабінет, дзе пачалі ўжо запісвацца жадаючыя.- Дзяўчаты, чаму вы выбралі менавіта гэту студыю? - пытаюся ў дзвюх дзяўчынак-падлеткаў.- Усе сябры кажуць, што мне трэба ісці ў тэатральны, - адказвае Кацярына Манджас.Заўважаю маму з дачкой. Вядзем размову. Людміла Стаськевіч расказала, што яе дзесяцігадовай дачцэ Наталлі вельмі падабаецца дзейнасць студыі “Рытм”. Людміла Уладзіміраўна адзначае, што такі гурток развівае ўменне трымацца на сцэне, садзейнічае развіццю маўлення. Сама ж Наталля паведаміла, што хоча сыграць галоўную ролю.Заходзім у наступны кабінет. Тут неяк асабліва шматлюдна. Недзе ў гушчыні завітаўшых заўважаем Марыну Вазняк, мастацкага кіраўніка студыі танца “Амадэус”, якая вядзе гаворку з дзецьмі і бацькамі.
Чаргу з жадаючымі запісацца ў акрабатычна-цыркавую студыю “Вяснушкі” бачу ў наступным кабінеце. З прыемнай усмешкай сустракае будучых выхаванцаў Марына Валасюк.У гэты дзень шмат дзяцей завітала і да мастацкага кіраўніка Алесі Радчанка, якая выкладае ў студыі эстрадных спеваў “Аіда”. Будучыя акрабаты запісаліся ва ўзорную цыркавую студыю “Сонейка” (кіраўнік Алена Хінец). З новымі выхаванцамі пазнаёміліся Галіна Аўдзеева і Зоя Каберская - мастацкія кіраўнікі ўзорнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Натхненне”.- Упачатку асноўнай праблемай у дачкі была адсутнасць усмешкі на твары ў час выступленняў, - расказвае мама Дар’і Таргун, выхаванкі студыі эстрадных спеваў “Праменьчык” (кіраўнік Тэрэса Куліковіч). - Цяпер для нас такой праблемы не існуе. Першае Дашына выступленне прыйшлося на Дзень сям’і, пад кожную песню ў нас новая сукенка, - расказвае задаволеная творчымі поспехамі дачушкі мама Святлана.- Увогуле, у нас 26 клубных аб’днанняў, 13 з іх - дзіцячыя, - расказвае дырэктар Кобрынскага Палаца культуры Валянціна Пакалюк. - Колькасць усіх удзельнікаў у мінулым годзе склала 560 чалавек. Не таленавітых дзяцей не бывае. Заняткі ў нашых гуртках даюць магчымасць выступаць на сцэне. Галоўнае, каб выхаванцаў не спалохала штодзённая праца, якая іх чакае - а гэта і шматлікія канцэрты раённага і абласнога ўзроўняў, і нават паездкі за мяжу. Трэба адзначыць, што нашы дзеці заўсёды займаюць прызавыя месцы, што сведчыць пра іх высокі ўзровень падрыхтоўкі і кваліфікацыю педагогаў.Усе, хто наведаў у нядзелю Дзень адчыненых дзвярэй, упэўніліся ў багацці Палаца культуры на разнастайныя аб’яднанні, студыі, клубы для розных узростаў і на любы густ. Няхай вясёлка захапленняў шчыра радуе і прыносіць задавальненне ад выбранай справы!Ірына ЛЕСІК.
На здымках: гульнявая пляцоўка спадабалася маленькім гасцям; сям'я Алексяюк знаёміцца з выставай ад студыі "Натхненне"; будучыя выхаанцы Марыны ВазнякФота аўтара.
Поделиться в соцсетях: