Да 100-годдзя органаў сацыяльнай абароны
Сабраў калег велапрабег
Працаваць у сферы сацыяльнай абароны насельніцтва – значыць, дапамагаць людзям і разумець іх праблемы, як свае ўласныя. Гэта немагчыма без цеснага ўзаемадзеяння ўсіх зацікаўленых службаў і ведамстваў, што ў сваю чаргу садзейнічае добрым узаемаадносінам у калектыве. Гэта выдатным чынам пацвердзілі супрацоўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Кобрынскага райвыканкама, якія пры падтрымцы Кобрынскай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” правялі сумесны велапрабег.
- На Кобрыншчыне распрацаваны цыкл мерапрыемстваў, у тым ліку спартыўных, прысвечаных 100-годдзю сістэмы сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, - расказвае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Бойка. – Велапрабег – гэта здаровы лад жыцця, бадзёрасць і сапраўдная сяброўская атмасфера. І хоць мерапрыемства ў такім фармаце мы праводзім упершыню, будзем спадзявацца, што гэта стане добрай традыцыяй.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі службы “адно акно”, спецыялісты райвыканкама, Кобрынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў і іншыя. Маршрут прабегу, які ў суме склаў каля 18 кіламетраў, распачаўся на маляўнічай набярэжнай ракі Мухавец каля Лядовай арэны і завяршыўся ў Песках, пасля чаго ўдзельнікі сваім ходам вярнуліся ў Кобрын, атрымаўшы моцны зарад добрага настрою.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКУ аўтара: удзельнікі велапрабегу на старце.
Поделиться в соцсетях: