Прогноз погоды
Пн, 19 мая 2025

Кобрынскаму дзюдо – 30!

17/11/2010 Молодёжь Образование

Нядаўна праводзіўся 8-мы міжнародны турнір па дзюдо “Нашы вытокі”, прысвечаны памяці трэнера Ігара Данілюка. Сёлета гэта падзея асаблівая  - у лістападзе споўнілася 30 гадоў з дня заснавання  дзюдо на Кобрыншчыне.

Першым, хто пазнаёміў юнакоў і дзяўчат з японскай барацьбой, стаў Вячаслаў Рысь, які распачаў сваю трэнерскую работу ў в. Дзівін. Колькасць наведвальнікаў год ад году павялічвалася, і першыя поспехі не прымусілі сябе доўга чакаць. Вучні Вячаслава Сцяпанавіча дасягнулі зайздросных вышынь не толькі ў спорце, але і ў жыцці. І гэта не выпадкова, таму што дасведчаны майстар дзюдо заўсёды імкнуўся выхоўваць Людзей з вялікай літары, якія б гарманічна развівалі не толькі сваё цела, але і душу, інтэлект, жаданне прыйсці на дапамогу тым, каму гэта неабходна.

Цяпер Вячаслаў Рысь працуе старшым трэнерам-выкладчыкам у Брэсцкім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Але яго справа і цяпер жыве на Кобрыншчыне. Добрыя традыцыі працягвае цэлая плеяда таленавітых, адданых выкладчыкаў дзюдо КСДЮШАР, такіх, як Анрэй Данілюк, Андрэй Анішчук, Андрэй Пашковіч і  іншыя.

Генеральны дырэктар групы кампаній “Нашы вытокі” Сяргей Амельянчук таксама з’яўляецца выхаванцам Вячаслава Рыся. Год ад году ён выступае галоўным ініцыятарам  і партнёрам аднайменнага турніру. Пры дапамозе мясцовых улад, аддзела па фізкультуры, спорце і турызме райвыканкама, кіраўніцтва КСДЮШАР, ААТ “Кобрынскі мясакамбінат”, СТАА “ВП Палессе”, ДРАЦ “Колас”, фірмы “Фактар-Дызайн” спаборніцтвы заўсёды праходзяць на высокім арганізацыйным узроўні з вялікай колькасцю ўдзельнікаў.

Сёлета на турнір былі  запрошаны 18 каманд не толькі з усіх куткоў Беларусі, але і з Масквы, Санкт-Пецярбурга, шэрагу гарадоў Украіны.

Як адзначыў у сваім выступленні на адкрыцці спаборніцтваў начальнік упраўлення па фізкультуры, спорце і турызме аблвыканкама Мікалай Хявук, калі гэты турнір будзе развівацца такімі ж тэмпамі і далей, то Кобрыншчына абавязкова будзе дасягаць высокіх спартыўных вынікаў у дзюдо.   Мікалай Мікалаевіч пажадаў удзельнікам здароўя і перамог і паведаміў прыемную навіну – у наступным годзе кобрынскім дзюдаістам ад яго ведамства будзе прэзентаваны новы татамі. Ва ўрачыстай абстаноўцы Мікалай Хявук уручыў Ганаровую грамату Міністэрства спорту і турызму Беларусі выдатнаму спартсмену і настаўніку Аляксандру Сідзюку за шматгадовую плённую дзейнасць па развіцці масавай фізкультуры і спорту, прапагандзе здаровага ладу жыцця і спартыўна-аздараўленчага руху  сярод насельніцтва.

У інтэрв’ю журналістам выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі дзюдо Валерый Мартыновіч паведаміў, што гэты турнір ўжо уключаны ў каляндарны план Міністэрства спорту і турызму Беларусі, што надае мерапрыемству высокі статус.

Важна, заўважыў Валерый Мікалаевіч, што дзюдо займаюцца на Кобрыншчыне не толькі ў горадзе, але і ў сельскай мясцовасці. Гэта дае больш шанцаў на пошук будучых чэмпіёнаў Еўропы, свету і Алімпіяд.

У час урачыстай цырымоніі Валерый Мартыновіч уручыў сертыфікат на новы татамі начальніку аддзела фізкультуры,  спорту і турызму райвыканкама Васілю Знахарчуку, а таксама падзяку і кваліфікацыйны сертыфікат на атрыманне трэцяга дана па дзюдо Сяргею Амельянчуку. А пасля балельшчыкам і ўдзельнікам турніру прадэманстравалі свае яскравыя выступленні  шоу-балет “Мадэрн”, узорны эстрадны ансамбль “Калі ласка” Кобрынскага РЦДТ.

А на татамі было ў прамым сэнсе горача. Добра праявіла сябе каманда дзюдаістаў Кобрыншчыны “Нашы вытокі”.   Першае месца заваяваў Яраслаў Амельянчук, другое месца ў Андрэя Ванью, “бронзы” ўдастоены Віталій Кацэвіч, Артур Джаніеў і Павел Калішук. Таксама спецыяльным падарункам узнагароджаны самы юны ўдзельнік турніру кабрынчанін Яўген Машагін, якому споўнілася 10 гадоў. Пераможцы і прызёры спаборніцтваў былі ўзнагароджаны кубкамі, дыпломамі, медалямі і памятнымі прызамі.

Раман Мельнік.

Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу