Школа бокса на Кобрыншчыне ўжо прайшла працэс свайго станаўлення і на сучасным этапе стала надзейным пастаўшчыком выдатных спартсменаў высокага ўзроўню. Пераканацца ў гэтым давялося на чарговым традыцыйным турніры, прысвечаным памяці А.В. Суворава, які нядаўна праводзіўся на базе КСДЮШАР.
На спаборніцтвы з’ехаліся больш за 100 удзельнікаў не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з Украіны. Дарэчы, госці з блізкага замежжа прывезлі ў Кобрын даволі моцныя каманды, у склад якіх увайшлі майстры спорту і нават чэмпіён Еўропы сярод юніёраў Ілья Палавінка. Але і нашы землякі, як заўсёды, адказна рыхтаваліся да спаборніцтваў. Як паведаміў адзін з галоўных арганізатараў мерапрыемства трэнер КСДЮШАР Аляксей Яроха, кобрынскія спартсмены здольныя аспрэчваць сваё дастойнае месца не толькі ў рэспубліканскім, але і ў сусветным рэйтынгу. Гэта такія баксёры, як бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы, кандыдат у майстры спорту Артур Кікцеў, двухразовыя пераможцы рэспубліканскіх спаборніцтваў Дзмітрый Сапон, Сяргей Кульчынскі і яго брат Аляксандр, які зусім нядаўна ў сваю скарбонку ўзнагарод дабавіў бліскучую перамогу на Алімпійскіх днях моладзі, Андрэй Качан, Арцём Матушкін і многія іншыя.
Сёння ў Кобрыне створаны ўмовы для заняткаў спортам, якія адпавядаюць патрабаванням сучаснасці.
Турнір распачаўся з урачыстага пастраення дэлегацый спартсменаў. Перад прысутнымі з прывітальным словам выступіў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. Ён з задавальненнем адзначыў, што з кожным годам на Кобрыншчыне сярод таленавітых баксёраў заўсёды назіраецца папаўненне, шырыцца геаграфія іх выступленняў. Валянцін Васільевіч пажадаў удзельнікам здароўя і перамогі.
Зала ледзь умясціла ўсіх балельшчыкаў. Спачатку выступалі самыя малодшыя спартсмены. На рынгу іх абслугоўваў рэферы рэспубліканскай катэгорыі Васіль Барболін, які ў свой час стаяў ля вытокаў развіцця бокса на Брэстчыне. Баі праводзіліся ў фармаце трох раўндаў. Кабрынчане мужна змагаліся за перамогу, не ўступаючы сапернікам.
У выніку нашы баксёры сабралі выдатны ўраджай узнагарод. Першыя месцы ў сваіх вагавых катэгорыях і ўзроставых групах занялі Артур Антанян з САШ №3, Артур Кікцеў з САШ №7, Дзмітрый Сапон (Рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву), Сяргей Кульчынскі (Брэсцкае вучылішча алімпійскага рэзерву), Раман Хамюк (САШ №1) і Андрэй Круглоў (САШ №1).
Пераможцы і прызёры ўзнагароджаны граматамі і медалямі, а таксама падарункамі ад спонсараў турніру - ТАА “АНвад-Буд”, СТАА “ВП Палессе”, ТДА “Дом Люкс” і інш.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.
НА ЗДЫМКУ: старшы трэнер Андрэй Івічук (у цэнтры) з таленавітымі мясцовымі баксёрамі (злева направа) Дзмітрыем Сапонам, Сяргеем і Аляксандрам Кульчынскімі, Артурам Кікцевым.
Поделиться в соцсетях: