Кніга – лепшы сябар для жыхаркі вёскі Вялікія Лепясы Яўгеніі Яромінай. І прафесію сабе дзяўчына выбрала, звязаную з кнігай. Яна скончыла гуманітарны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай.
Вучобу завяршыла з «чырвоным» дыпломам і працягнула працэс навучання ў магістратуры па спецыяльнасці «літаратуразнаўства» прыроднай ВНУ. Зараз у яе багажы не толькі грунтоўныя веды, але і дзясяткі прачытаных кніг. Кожная з іх пакінула ў душы нашай гераіні свой след.
«Чытаючы кнігу, перажываю разам з яе героямі розныя сітуацыі, прымяраю на сабе іх ролі, разважаю, а як бы я паступіла ў тым ці іншым выпадку», – расказвае Жэня. Яна адзначае, што любіць абмяркоўваць прачытанае, і вельмі рада, што ў яе заўсёды ёсць субяседнікі. У дружнай сям’і Яроміных – а ў вялікім доме пражываюць бацька Аляксей Вітальевіч і мама Вольга Барысаўна, сёстры Вікторыя, Валерыя са сваёй сям’ёй і брат Мікіта – чытаць любяць амаль усе. Найбольш блізкія погляды ў Яўгеніі з мамай і малодшай Вікторыяй, студэнткай Віцебскай ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, яны і сталі ініцыятарамі, каб у іх доме з’явілася ўласная бібліятэка. Зараз у ёй больш за 100 кніг, кожную з якіх Жэня прачытала.
«Тыя, якія мяне вельмі ўразілі, перачытваю па некалькі разоў», – расказвае дзяўчына і заўважае, што за лета прачытала 17 кніг.
Зараз Яўгенія знаходзіцца ў пошуку новай работы. Дзяўчына вярнулася ў Кобрын з Наваполацка, дзе пасля вучобы 2 гады працавала ў роднай ВНУ перакладчыкам. Увесь свой вольны час яна бавіць за кнігай.
– Калі ты стала такім паліглотам? – пытаюся ў субяседніцы.
Яўгенія расказала, што доўгі час – пакуль іх сям’я будавала дом – яны жылі ў маміных бацькоў. Так здарылася, што з-за цяжкай хваробы дзядуля Барыс Сяргеевіч Разанаў страціў абедзве нагі. Не ўпасці духам дапамаглі ў тым ліку і кнігі, якія яму куплялі яго блізкія людзі. Жэня прачытала першую кнігу з дзядулевай бібліятэкі, другую і не заўважыла, як заахвоцілася, ды так, што было не адарваць. Дзядулі не стала, а яго прыклад застаўся. Яўгенія прызнаецца, што кніга для яе – лепшы падарунак. Чытае беларускую, рускую і замежную класіку, творы сучасных аўтараў. Аддае перавагу жанру фэнтэзі. Тэматычнай мяжы для яе няма. Шмат чытае пра Вялікую Айчынную вайну.
Яшчэ ў сярэдняй школе №6 г. Кобрына, дзе яна вучылася, настаўнікі «прарочылі» Яўгеніі будучыню педагога. Асабліва верыла ў яе класны кіраўнік Вольга Васільеўна Свіціч, якая і зараз падтрымлівае сувязь са сваёй таленавітай вучаніцай.
Кім Яўгенія ўладкуецца на работу, перакладчыкам ці педагогам, пакажа час, але кніга і надалей будзе суправаджаць яе ў жыцці.
Людміла ДУБІНА
Поделиться в соцсетях: