Прогноз погоды
Пн, 19 мая 2025

Зимние виды спорта в Кобрине стали популярными среди горожан.

20/09/2012 Здаровы лад жыцця Молодёжь

Мабыць, цяжка знайсці такога чалавека, які б хоць раз у жыцці не ганяў шайбу на зімовым лёдзе, не катаўся па паверхні замёрзлага возера альбо рэчкі ці хаця б не глядзеў з захапленнем лядовыя баталіі на хакейных пляцоўках па тэлевізары. Можна сказаць без перабольшання - адкрыццё лядовай арэны ў нашым горадзе стала сапраўдным прарывам у плане папулярызацыі зімовых відаў спорту. Прычым не толькі для дарослых, якім сталі “ўжывую” даступныя хакейныя матчы самага рознага ўзроўню, але і для дзяцей, для якіх у 2009 годзе адчыніла свае дзверы дзіцяча-юнацкая спартыўная школа па зімовых відах спорту.

- Сёння ў нашай школе працуюць тры аддзяленні – хакей з шайбай, фігурнае катанне і хакей на траве, які з’явіўся ў нашай школе ў мінулым годзе, - расказвае намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Вадзім Мірашнічэнка. – Што датычыцца колькаснага саставу, то навучаюцца ў нас 90 хакеістаў з шайбай, 90 фігурыстаў  і 44 хакеісты на траве, якія ўзімку займаюцца ў спартыўнай зале, а ў цёплую пару года – на стадыёне “Юнацтва”, дзе ёсць выдатнае спецыялізаванае поле.

Нягледзячы на тое, што школа зімовых відаў спорту існуе ў нашым горадзе адносна нядаўна, яе выхаванцы ўжо паспелі адзначыцца нават на рэспубліканскім узроўні. Так, на чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па хакеі сярод каманд 2002 года нараджэння кабрынчане пад кіраўніцтвам трэнера Ігара Каранчука занялі 4-е месца. Крок за крокам ідуць наперад і кобрынскія фігурысты – за плячамі ўнутрышкольныя і абласныя спаборніцтвы, з гэтага года плануецца прымаць удзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах “Зорачка”. Актыўна ўзяліся ў школе і за развіццё хакея на траве,  нават прынялі ўдзел у чэмпіянаце Беларусі. І хаця мэтай гэтага ўдзелу пакуль што ставілася проста паглядзець на каманду і паспрабаваць свае сілы (усё ж такі від спорту яшчэ новы), на наступны год задачы будуць ужо зусім іншага кшталту.

Перамогі і дасягненні – гэта, бясспрэчна, вельмі добра. Але што думаюць бацькі тых маленькіх спартсменаў, якія ў Кобрынскай школе зімовых відаў спорту ўпершыню адзяваюць канькі? Як аказалася, усё вельмі проста - у большасці выпадкаў яны жадаюць бачыць сваіх дзяцей здаровымі. А далей – справа ўласнага выбару. Хтосьці выбірае сапраўдны мужчынскі від спорту – хакей, камусьці падабаецца вытанчанае фігурнае катанне. Аднак, думаецца, і першыя, і другія наўрад ці змогуць апынуцца ў палоне шкодных звычак – надта ўжо добра дысцыплінуюць гэтыя самыя зімовыя віды спорту. І справа нават не ў самой спецыфіцы, а ў адчуванні таго, што цяпер ты не сам па сабе, а ў камандзе, поспех якой залежыць ад кожнага яе ўдзельніка.

Менавіта гэты камандны дух перш за ўсё і кідаецца ў вочы і ў час наведвання адказных матчаў з удзелам выхаванцаў кобрынскіх трэнераў, і ў час звычайных трэніровак.  Калі адзін за ўсіх – і ўсе за аднаго. Калі памылку кожнага перажываюць усёй камандай – і перамога таксама адна на ўсіх… Калі яшчэ некалькі месяцаў таму зусім незнаёмыя хлопчыкі на вачах зрастаюцца ў моцны калектыў, вучацца дапамагаць адзін аднаму і адчуваць адказнасць за тых, хто побач. А потым, на спаборніцтвах абласнога або рэспубліканскага ўзроўню, – і за свой родны горад, гонар якога абараняюць, змагаючыся за кожную шайбу на лядовым полі.

І зноў робіць свае першыя няўпэўненыя крокі па такім незнаёмым лёдзе яшчэ адна маленькая дзяўчынка, каб ужо праз некалькі гадоў пранесціся няўрымслівым агеньчыкам, выбіўшы канькамі бліскучыя іскры пад апладысменты гледачоў у сваёй персанальнай праграме. Упершыню апранае хакейныя даспехі чарговы хлопчык, каб калі-небудзь пад гул трыбун забіць сваю пераможную шайбу. І хто ведае – можа, менавіта зараз дзверы Кобрынскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па зімовых відах спорту ўпершыню адчыняе будучы чэмпіён?..

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу