Прогноз погоды
Пн, 19 мая 2025

Зіма на фермах: Не пакаранне, а паглыблены маніторынг

17/02/2011 Сельское хозяйство

Летась у снежні па ініцыятыве Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь і Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу па ўсёй краіне стартавала акцыя “Зіма на ферме”. Яна мае на ўвазе перш за ўсё прыняцце прафілактычных мер, накіраваных на недапушчэнне трагічных выпадкаў з цяжкім і смяротным зыходамі, парушэнняў правілаў аховы працы, кантроль за сацыяльна-бытавымі ўмовамі работнікаў за гарадскімі межамі.

Акцыя праводзіцца і на Кобрыншчыне. З ліку супрацоўнікаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў АПК, інспекцыі па ахове працы была сфарміравана мабільная група, галоўная мэта якой у час рэйдаў – не пакаранне таго ці іншага кіраўніка ці супрацоўніка сельгаспрадпрыемства, а паглыблены маніторынг склаўшайся сітуацыі, якая тычыцца перш за ўсё здароўя і жыцця людзей, аказанне кансультатыўна-прававой і тэхнічнай дапамогі.

Як адзначыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Лазарчук, летась і сёлета ў зімовы перыяд выезды на месцы мабільнай групы адбываюцца сістэматычна і планамерна. Пры гэтым ахопліваюцца не толькі “праблемныя” гаспадаркі, дзе раней фіксаваліся парушэнні правілаў бяспекі і аховы працы, але і перадавыя сельгаспрадпрыемствы.

У адзін з рэйдаў мабільная група з рабочым візітам наведала СВК “Пакроўскі”. Як паведаміў старшыня сельгаскааператыва Віктар Свянцецкі, летась у параўнанні з 2009 годам на два працэнты ўдалося павялічыць вытворчасць малака, на 50 тон больш рэалізавана дзяржаве мяса. На тэрыторыі СВК функцыянуе пяць малочнатаварных фермаў. Два гады таму ўведзена ў эксплуатацыю МТФ у в. Падалессе на 300 галоў жывёлы, якая дазваляе атрымліваць прыкладна 80 працэнтаў прадукцыі вышэйшага гатунку. Тут таксама вядзецца актыўнае будаўніцтва другой часткі новага комплексу так званага закрытага тэхналагічнага тыпу. У кастрычніку на гэтым аб’екце плануецца размясціць да 900 галоў статка. Генеральным падрадчыкам будаўніцтва выступае ААТ “Будтрэст №33”. У даільнай зале новага комплексу, якая ўжо днямі будзе апрабіравана ў дзеянні, устаноўлена нямецкае абсталяванне фірмы “Вестфалія” з кап’ютарным кіраваннем. Яно дазваляе не толькі павысіць якасць малака, але і значна мінімізаваць так званы чалавечы фактар, спрасціць работу людзям.

Як пераканаліся члены мабільнай групы, работнікі сучаснай МТФ у в. Падалессе не адчуваюць ніякіх нязручнасцяў у сваёй працы. Устаноўлена новая мэбля, асвятленне, ёсць распранальні, функцыянуюць душавыя, туалеты, усюды створана камфортная тэмпература, персанал у поўнай меры забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы, спецадзеннем.

Аднак нягледзячы на тое, што ад агляду фермы ў цэлым засталося пазітыўнае ўражанне, кіраўніцтву неабходна выправіць некаторыя выяўленыя недахопы  - уладкаваць фіксатары ў адчыненым палажэнні на вароты памяшканняў фермы, замяніць тэрмометр у кацельні аднаго са старых будынкаў МТФ. На момант праверкі ў душавой не было святла. На ферме ў в. Буховічы душавыя ў зімовы перыяд не выкарыстоўваюцца, шафы для пераапранання патрабуюць замены.

Кіраўніцтва ААТ “Кобрынрайаграсэрвіс” у в. Мінянка ў зімовы перыяд таксама актыўна займаецца будоўляй.

- Сёлета распачаліся першыя мерапрыемствы па падрыхтоўцы да ўзвядзення новага комплексу з малочным блокам на 765 галоў жывёлы на тэрыторыі цэнтральнай сядзібы, які будзе складацца з сямі аб’ектаў, - распавядае першы намеснік дырэктара ААТ “Кобрынрайаграсэрвіс” Уладзімір Байтэнка. – Менавіта тут мы плануем згрупаваць асноўны дойны статак. А на старых фермах запланавана ўладкаваць адкормачнікі. Цяпер галоўная задача – нарошчваць пагалоўе жывёлы, каб адпаведна павялічыць аб’ёмы прадукцыі.

Адміністрацыя сельскагаспадарчага ўчастка ў цэлым спраўляецца з прад’яўленымі патрабаваннямі бяспекі і ўмоў працы. Тым не менш тут таксама трэба выканаць “работу над памылкамі”. На МТФ на тэрыторыі цэтральнай сядзібы не замацаваны адпаведным чынам  маланкаадвод, у бытоўцы няма ацяпення. Вузел гноевыдалення фермы не агароджаны, а побач электрычныя кабелі рухавіка не абаронены ад механічных пашкоджанняў.

Завяршэнне сумеснай  акцыі “Зіма на фермах” плануецца ў лютым.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: (справа налева) галоўны дзяржінспектар па ахове працы, транспарту і пажарнай бяспекі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Міхаіл Нікітчык, галоўны дзяржінспектар міжраённай інспекцыі працы Любоў Валуйка, Віктар Свянцецкі, Наталля Хінец і Васіль Лазарчук у час праверкі новай МТФ у в. Падалессе.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу