Зіма. Снежныя завеі, галалёдзіца, сумёты і іншыя яе традыцыйныя «падарункі» паспеў ацаніць, напэўна, кожны кабрынчанін. Але адна справа — проста выказваць незадаволенасць нерасчышчаным снегам і чакаць, пакуль яго нехта прыбярэ, зусім іншая — самастойна рабіць сваё жыццё больш камфортным.
Менавіта гэта ў поўнай меры можна сказаць пра жыхароў дома №119 па вуліцы Пралетарскай, якія з самага пачатку зімы актыўна, самастойна і без усялякіх напамінаў уключыліся ва ўборку снегу на сваім двары. Прызнацца, чыстая плітка тратуарнай дарожкі, падмеценыя пад'езды аказваюць прыемнае ўражанне. Расказвае старшыня дамавога камітэта Андрэй Цылько:
- Снег прыбіраем самі. У кожным пад'ездзе ёсць людзі, якія робяць гэта па сваёй ахвоце. Глядзіце самі — па-першае, па прыбраным двары проста прыемней хадзіць. Па-другое, пакуль прыбярэ нехта іншы, можна і не дачакацца. Ну і па-трэцяе, людзям пажылога ўзросту, як, напрыклад, мне, у вольны час проста прыемна і карысна трохі папрацаваць на свежым паветры. Часу ў пенсіянераў хапае, чаму б не зрабіць так, каб было зручна ўсім?
І сапраўды — сярод тых, хто падчас нашага візіту выйшаў на ўборку снегу, пераважна былі прадстаўнікі старэйшага пакалення. Узнікае заканамернае пытанне: а дзе ж моладзь? Яна, як адзначылі жыхары дома, да ўборкі снегу ставіцца са значна меншым энтузіязмам. Магчыма, маладымі нагамі пераступаць праз гурбы ўсё ж такі прасцей... Ці проста свядомасць яшчэ не сфарміравалася?
Дарэчы, менавіта пра свядомасць — і не толькі ў плане ўборкі снегу — гаварыла і Нэлі Арлова, старшыня дамавога камітэта ДАС-92, што па вуліцы Настасіча.
- Ведаеце — увогуле атрымліваецца цікавая карціна. Што ўлетку, што ўзімку, і на суботнік і проста прыбіраць выходзяць, як правіла, пенсіянеры, - дзеліцца сваімі назіраннямі Нэлі Іванаўна.- А моладыя наадварот — вось бутэлькі ў пад'ездзе пакінуць ці «бычкоў» накідаць — гэта заўсёды калі ласка. Бывае, нават у той самы час, калі побач нехта прыбірае, нахабна смецяць. Затое калі трэба сабрацца і штосьці зрабіць — адразу знаходзяцца неадкладныя справы. Шчасце, што ёсць яшчэ ў нас энтузіясты.
Такіх дамоў, жыхары якіх па сваёй уласнай ініцыятыве прымаюць удзел ва ўборцы снегу, у нашым горадзе шмат. Але шмат і іншых — дзе проста сядзяць і чакаюць у надзеі на тое, што калі-небудзь снег прыбярэцца сам — магчыма, у чаканні вясны ці ў справядлівай надзеі на тое, што ўрэшце рэшт яго прыбяруць камунальныя службы. Асабіста мне больш спадабалася першая частка. Таму што менавіта ў ініцыятыўнасці, энтузіязме і неабыякавасці да свайго двара і свайго дома ў першую чаргу і праяўляецца тое, што мы называем сапраўднай гаспадарлівасцю.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.
НА ЗДЫМКАХ: на ўборцы снегу жыхары дома №119 па вуліцы Пралетарскай і жыхары ДАС-92 («ваенны гарадок»).
Поделиться в соцсетях: