Прогноз погоды
Пн, 19 мая 2025

За здароўем – на кірмаш!

26/09/2012 Праздники Конкурсы

З 19 па 21 верасня ў горадзе над Бугам праходзіла восьмая міжнародная спецыялізаваная выстава-кірмаш “Садзейнічанне здароваму ладу жыцця-2012”. Мерапрыемства праводзілася пад эгідай аблвыканкама, Брэсцкага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. У выставе-кірмашы прынялі актыўны ўдзел звыш 110 арганізацый і прадпрыемстваў як з розных куткоў Беларусі, так і спецыялізаваныя фірмы з Латвіі і Расійскай Федэрацыі.

Адкрыццё выставы-кірмашу адбылося 19 верасня. У ім прынялі ўдзел старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў, міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Васіль Жарко, старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Палышанкоў.

Як адзначыў у сваім выступленні Канстанцін Сумар, за апошнія пяць гадоў выканаўчая ўлада, прафсаюзы, грамадскія дзеячы ажыццяўляюць мэтанакіраваную работу па прапагандзе здаровага ладу жыцця сярод шырокіх груп насельніцтва. І гэта дзейнасць дае свой плён. Шматлікія ўстановы фізкультуры і спорту, якія былі абноўлены ці пабудаваны на тэрыторыі вобласці, працуюць на поўную магутнасць. Вялікую ролю ў папулярызацыі спорту адыгрываюць і алімпійцы Брэстчыны, якія годна прадставілі наш рэгіён на Алімпійскіх гульнях 2012 года ў Лондане. Людзі з жаданнем выкарыстоўваюць цудоўную магчымасць сваімі сіламі зрабіць арганізм моцным, устойлівым да стрэсаў. А менавіта такая жыццёвая пазіцыя, адзначыў губернатар, дапаможа дасягнуць новых вышынь у працы, вучобе, фарміраваць у грамадстве цвёрдыя маральныя прынцыпы.

У памяшканнях Лядовага палаца па вул. Маскоўскай на трох паверхах размясціліся шматлікія тэматычныя павільёны і стэнды. Любы жадаючы меў магчымасць не толькі апрабіраваць, прадэгуставаць, але і набыць натуральныя і бяспечныя прадукты харчавання, фіта-, біявітамінныя і мінеральныя комплексы, натуральныя лекавыя сродкі, касметалагічныя прэпараты, медыцынскія вырабы,  прыборы хатняга карыстання і інш. Дарэчы, непасрэдна на месцы бясплатна праводзіліся разнастайныя дыягнастычныя даследаванні з выкарыстаннем навейшых тэхналогій, напрыклад, замер артэрыяльнага ціску, вызначэнне ўзроўню глюкозы ў крыві, спецыялісты-медыкі давалі неабходныя тлумачэнні, кансультацыі. Актывісты ГА “БРСМ”, прадстаўнікі шэрагу медыцынскіх і навучальных устаноў праводзілі акцыі, лекцыі і семінары па прапагандзе здаровага ладу жыцця.

Актыўны ўдзел у выставе-кірмашы прыняла і кобрынская дэлегацыя. Супрацоўнікі Кобрынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва  псіхолаг-кансультант Таццяна Тхорава і студэнт-практыкант Ганна Каралёва прэзентавалі ў Брэсце тэматычную выставу, на якой экспанаваліся ў тым ліку і вырабы з тканіны, пластыку, паліграфічная прадукцыя, зробленая выхаванцамі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў і пажылымі людзьмі.

Дэлегацыя ДРАЦ “Колас” на чале з дырэктарам Юрыем Цітовічам працавала каля стэнда, які дэманстраваў патэнцыял усіх санаторна-курортных устаноў Брэстчыны. Як адзначыла галоўны спецыяліст прадстаўніцтва Брэсцкага абласнога ўпраўлення па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Надзея Фядотава, узровень абслугоўвання ў  кобрынскім аздараўленчым цэнтры “Колас” на сучасным этапе з’яўляецца адным з лепшых у вобласці. Менавіта тут атрымліваюць поўны спектр паслуг не толькі беларусы, але і прадстаўнікі з блізкага і далёкага замежжа.

Ва ўрачыстай абстаноўцы Канстанцін Андрэевіч уручыў дыпломы, кветкі і падарункі пераможцам абласнога конкурсу “Здаровая сям’я”. Прыемна, што ў намінацыі “Радавод” першае месца заняла сям’я Борзун з в. Тэўлі. Алена Валянцінаўна, Аляксандр Пятровіч і іх дзеці Настасся і Ягор прадставілі на конкурс мультымедыйны тэматычны праект. Яны падзякавалі асабіста дырэктару Кобрынскага ТЦСАН Таццяне Бойка і кіраўніцтву Тэвельскага сельвыканкама за ўсебаковую падтрымку пры падрыхтоўцы да конкурсу і выказалі жаданне ўдзельнічаць у падобных мерапрыемствах ізноў.

Раман МЕЛЬНІК.

НА ЗДЫМКАХ: Канстанцін Сумар уручае дыплом пераможцы конкурсу “Здаровая сям’я” сям’і Борзун; супрацоўнікі Кобрынскага ТЦСАН Таццяна Тхорава і Ганна Каралёва (справа); дэлегацыя ДРАЦ “Колас”; на кірмашы ажыццяўляўся нават забор крыві ў наведвальнікаў; кадэты знаёмяцца з тэматычнай выставай.

Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу