Сб, 15 марта 2025
Прогноз погоды

З Надзеяй – да родных вытокаў

29/03/2022 Образование Наши люди Год исторической памяти

-Яна добрая… Вясёлая… Шчырая… – наперабой гучаць дзіцячыя галасы ў адказ на маё пытанне аб тым, якой вучні ведаюць сваю настаўніцу беларускай мовы і літаратуры.

Надзея Баранава працуе ў ДУА «Гімназія г. Кобрына» толькі трэці год, але ўжо праявіла сябе як адданы сваёй справе педагог, які ўмее знайсці падыход да кожнага вучня.

Свой працоўны шлях Надзея Баранава пачала ў ДУА «Арэхаўская сярэдняя школа», куды была накіравана па размеркаванні пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта имя А.С. Пушкіна. Ёй, актыўнай і ініцыятыўнай асобе, даспадобы прыйшлася праца ў маленькай вясковай школе. Акрамя выкладання любімых прадметаў, Надзея Уладзіміраўна знайшла там час і для сваіх захапленняў: была загадчыкам школьнага этнаграфічнага музея «Спадчына», майстрам вытворчага навучання па спецыяльнасці «Аператар ЭВМ», якую, дарэчы, набыла яшчэ школьніцай. Нават у час адпрацоўкі працягвала вучыцца: скончыла магістратуру і, абараніўшы дысертацыю, атрымала вучоную ступень магістра педагагічных навук.

Гімназія г. Кобрына расчыніла Надзеі Баранавай свае дзверы ў жніўні 2019 года і дала новы штуршок для творчага палёту. Тут маладая настаўніца змагла рэалізаваць шэраг ідэй, звязаных з выкарыстаннем камп’ютарных сродкаў навучання, інтэрнэт-тэхналогій.

Дзяўчына сама – родам з Пружаншчыны, разам з мужам пражывае ў Брэсце. Можа камусьці паказацца дзіўным, што кожны дзень з абласнога цэнтра яна ездзіць на работу ў Кобрын. Але Надзею гэта не хвалюе:

– Для мяне гімназія – не проста месца работы. Гэта цудоўная ўстанова, у якой створаны ўсе ўмовы для камфортнай работы педагогаў і навучання дзяцей. Матываваныя вучні, дружны калектыў, добразычлівая адміністрацыя – усё гэта стварае асаблівую атмасферу, што так важна для прафесіянальнай дзейнасці.

Па словах настаўніцы, на выбар прафесіі паўплывала шмат прычын. Выхоўвалася ў сям’і, дзе гучаў дыялект, большую частку вольнага часу праводзіла ў вёсцы ў бабулі з дзядулем, дзе гучалі на сакавітай беларускай мове мясцовыя легенды, казкі, песні. Пашанцавала і з настаўніцай мовы і літаратуры, якая стала прыкладам, ідэалам педагога, чалавека. Сваімі ведамі, стылем выкладання, зацікаўленасцю ва ўсім, што звязана з роднай мовай, яна і Надзеі прывіла любоў да прадмета. Астатняе зрабіла мэтанакіраванасць.

Маленькая, далікатная дзяўчына з моцным характарам: на ўсіх этапах шляху да мары старалася быць лепшай, дасягнуць большага. Калі паступаць – набраць максімальную колькасць балаў, калі вучыцца – скончыць вучобу з дыпломам асаблівага ўзору. Мара здзейснілася, але гэта толькі першы крок на шляху прафесіянальнага станаўлення.

– Трэба развівацца, вучыцца, практыкаваць нешта новае ў рабоце, каб аднойчы стаць тым прафесіяналам, якога я бачыла ў асобе свайго Настаўніка, прывіваць любоў да прадмета сваім вучням, быць у іх вачах педагогам, настаўнікам па жыцці, сябрам і, можа быць, тым важным чалавекам, які пакладзе пачатак іх якаснай працы над сабой, – лічыць настаўніца.На мінулым тыдні настаўніца як пераможца раённага конкурсу педагагічнага майстэрства абараняла гонар раёна на абласным узроўні, дзе атрымала перамогу ў намінацыі «Педагагічная перспектыва» і заняла чацвёртую ступень у фінале конкурсу «Малады настаўнік Брэстчыны».

Жанна ЕЛІЗАРАВАФота: Жанна ЕЛІЗАРАВА

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу