Прогноз погоды
Пн, 19 мая 2025

“Варкаўт” – спорт, даступны для ўсіх

02/11/2017 Молодёжь

Падцягванне, пад’ём з пераваротам, афіцэрскі выхад сілай, “сонейка”, гарызантальны віс – цяжка нават уявіць сабе, колькі цікавых, карысных і прыгожых спартыўных практыкаванняў можна выконваць на звычайных турніках, брусах ці “шведскай сценцы”, якія можна зусім бясплатна знайсці на любым стадыёне. Майстар-клас з дэманстрацый таго, чаго можа дасягнуць любы жадаючы, прадставіла кабрынчанам маладзёжнае спартыўнае грамадскае аб’яднанне “Федэрацыя варкаўт”, якая ў рамках тура “Сіла Беларусі” нядаўна наведала Кобрын. Цікавая і відовішчная сустрэча сталічных “вулічных спартсменаў” з кобрынскай моладдзю прайшла ў РФАУ “Атлант”.

- Сённяшні візіт у Кобрын з’яўляецца часткай рэспубліканскага тура, задача якога - папулярызацыя здаровага ладу жыцця, - расказвае кіраўнік па рэалізацыі праектаў МСГА “Федэрацыя варкаўт”Аляксандр Сергіенка. – Мы жадаем, што называецца, пасеяць зерне – зацікавіць моладзь даступным для ўсіх відам спорту, дзякуючы якому кожны, падкрэсліваю, абсалютна кожны чалавек любога ўзросту і нават зусім без фізічнай падрыхтоўкі можа прывесці сябе ў добрую фізічную форму. Умова толькі адна – шчырае жаданне працаваць над сабой.

Як адзначыў Аляксандр, самаму малодшаму з тых, хто сёння займаецца варкаўтам у Федэрацыі, усяго 7 гадоў, а самы старэйшы ўдзельнік адзначыў 78-гадовы дзень нараджэння. Што ж датычыцца маладых спартсменаў, якія прыехалі да кабрынчан, то яны падарылі гасцям сапраўднае спартыўнае свята, а спартыўныя элементы, бліскуча выкананыя на прывезеных снарадах, выклікалі самыя шчырыя апладысменты. Не давялося сумаваць і гасцям, якім выпала магчымасць паспрабаваць свае сілы ў цікавых конкурсах. Тур “Сіла Беларусі” едзе далей, пакідаючы пасля сябе самае галоўнае – жывыя ўражанні і разуменне таго, што змяніць сябе можа кожны. Галоўнае – шчыра гэтага захацець.Дзмітрый БЯЛОЎ.НА ЗДЫМКАХ аўтара: моманты выступлення “вулічных спартсменаў”.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу