Прогноз погоды
Пн, 19 мая 2025

В этом году в жизни Детского приюта, структурного подразделения Кобринского районного социально-педагогического центра, произошли значительные перемены

17/09/2014 Социум

Сёлета ў жыцці Дзіцячага прытулка, структурнага падраздзялення Кобрынскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, адбыліся значныя перамены. Зусім нядаўна ўстанова прапісалася па новым адрасе. Цяпер дом для дзяцей, якія па розных прычынах маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, размяшчаецца ў вёсцы Оса, у будынку Осаўскага навучальна-выхаваўчага комплексу-дзіцячага сада-базавай школы.Аб тым, як жывецца дзеткам, ды і не толькі ім у новых умовах, нам расказала намеснік дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра Алена Ліхван.За ўвесь час існавання прытулка, які, дарэчы, у наступным годзе справіць свой 10-гадовы юбілей, не здаралася такога, каб у ім не было выхаванцаў.Зараз ва ўстанове 10 дзяцей: 8 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі. Самаму маленькаму - Кірылу - 5 гадоў, самаму старэйшаму – Ільі - сямнаццаць.Для выхаванцаў на новым месцы створаны ўсе неабходныя ўмовы. Абсталяваны 4 спальні, гульнявы і навучальны пакоі, душавыя, санвузлы. Нягледзячы на тое, што дзеці харчуюцца ў школьнай сталовай, ежу ім гатуюць кухары з прытулка.Усяго ў прытулку – 17 работнікаў, сярод якіх 7 педагогаў.У кожным пакоі - чысціня і парадак. І пах свежасці, які напамінае гасцям аб нядаўнім перасяленні гаспадароў.Алена Сяргееўна адзначыла сумленную працу супрацоўнікаў будаўнічай фірмы “Інтэрбудсэрвіс”, падзякавала калегам за падтрымку і разуменне. “Перасяліцца ў вызначаны тэрмін мы змаглі дзякуючы сумесным намаганням”, - заўважыла кіраўнік.Праўда, некаторыя дробныя работы яшчэ належыць выканаць. У асобных памяшканнях патрэбна абнавіць мэблю. Ды і гаспадарча-бытавых тавараў не хапае.“Мы не маркоцімся. На свеце шмат неабыякавых людзей да лёсу нашых дзяцей. Вось і зараз да нас прыехаў Васіль Васільевіч з падарункамі”, - усміхнулася Алена Сяргееўна.Васіль Лазарчук, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, з дзіцячым прытулкам сябруе ўжо шэсць гадоў. У межах акцыі “Прафсаюзы – дзецям” віншуе яго выхаванцаў са значнымі датамі – Днём ведаў і Новым годам. На пачатак новага навучальнага года былі закуплены канцылярскія і гаспадарча-бытавыя тавары.Мой погляд прыцягнуў хлапчук, які цікаўна назіраў за намі. Падыходжу да яго. “Як цябе зваць?” – пытаюся. На мяне глядзяць блакітныя вочкі, аднак замест адказу – пытанне: “А гэтыя цацкі вы нам дасце?”Заўважаю: каля сцяны стаіць рознакаляровы мяшок, а ў ім – цацкі на любы густ, таксама падарунак ад аграрнікаў.Нягледзячы на дрэннае надвор’е, на адсутнасць магчымасці павесяліцца на вуліцы ў дзяцей быў выдатны настрой. Для іх прывезлі праменьчык шчасця.Няхай у іх жыцці будзе болей такіх праменьчыкаў.Людміла ДУБІНА.

На здымку: Васіль Лазарчук і Алена Ліхван з выхаванцамі прытулкаФота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу

Последние новости