Сб, 15 марта 2025
Прогноз погоды

У кожным узросце свая прыгажосць

30/09/2022 Наши люди

Час няўмольны: з кожным днём ён робіць каляндар нашага жыцця ўсё танчэйшым і танчэйшым. І якімі б мы ні былі аптымістамі,  кожнаму з нас часам хочацца запаволіць хаду,  спыніцца, пераасэнсаваць учынкі, выправіць памылкі, каб упэўнена ісці далей. Мая гераіня Марыя Клачковіч  прызнаецца, што таксама іншым разам у думках сваіх аглядаецца назад, гартае старонку за старонкай, але перапісваць нічога не стала б: “Жыццё не ліст паперы. Так, былі і ў мяне памылкі, але мне не сорамна ні перад кім за свае дзеянні, не сорамна глядзець у вочы людзям, з якімі зводзіў лёс ”.

За сваё жыццё Марыя Мікалаеўна зведала многае. Лёс не раз выпрабоўваў яе на трываласць. А яна казала сабе: “Я моцная. Я ўсё змагу і ўсё пераадолею”.  Так, сапраўды, яна моцная, і моц гэтая крыецца ў яе справах.

За плячыма ў Марыі Мікалаеўны доўгі прафесіянальны шлях, які пачаўся  ў 1969 годзе з работы настаўнікам хіміі і біялогіі ў Бельскай базавай школе. Некаторы час узначальвала гэтую ўстанову, затым выконвала абавязкі метадыста па прафарыентацыі аддзела народнай адукацыі Кобрынскага райвыканкама. 1981 год стаў для Марыі Мікалаеўны ў нейкай ступені лёсавызначальным. Ёй была прапанавана пасада намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ў прафесіянальна-тэхнічным вучылішчы №153 (Кобрынскі дзяржаўны ліцэй сферы абслугоўвання). Праз два гады мэтанакіраванаму, творчаму, ініцыятыўнаму настаўніку даверылі ўзначаліць вучылішча. І Марыя Мікалаеўна давер гэты цалкам апраўдала. Амаль чвэрць стагоддзя дырэктар упэўнена кіравала ўстановай. Разам з такімі ж зацікаўленымі ў агульным поспеху калегамі шукала шляхі, каб вучылішча выстаяла ў складаных умовах, прапаноўвала наватарскія ідэі, уводзіла новыя прафесіі. Пасаду дырэктара пакінула ў 2007 годзе, заклаўшы цвёрды падмурак на будучыню, але з прафесіянальнай дзейнасцю развітвацца не спяшалася – на працягу 10 гадоў працавала інспектарам па кадрах, выкладчыкам. Яе прафесіяналізм, нестандартны падыход у адукацыйным і выхаваўчым працэсах быў высока ацэнены. Марыя Мікалаеўна была ўзнагароджана значком “Выдатнік прафтэхадукацыі” і ганаровым знакам “ За заслугі ў развіцці прафтэхадукацыі”. Пазней за высокае майстэрства, значны ўклад ва ўдасканаленне вучэбна-выхаваўчага працэсу ёй было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь”.  А ў 2015 годзе Марыя Клачковіч атрымала яшчэ адзін высокі  тытул – “Ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна”.

Зараз Марыя Мікалаеўна на заслужаным адпачынку. Чалавеку, якому работа – больш, чым проста работа, адразу пераключыцца на тое, што не трэба ўжо нікуды спяшацца і вырашаць грамадскія пытанні, адразу было цяжка.

- Чалавек павін заўсёды быць пры справе. Так мяне навучылі бацькі. У нас была вялікая гаспадарка. Мы - тры сястры – працавалі многа і шчыра. У якасці ўзнагароды ў святы бацька адпускаў нас на танцы. Зараз у мяне ёсць магчымасць заняцца тым, для чаго раней не хапала часу, - заўважае субяседніца і паказвае карціны з вышыўкай.

Тэматыка палотнаў разнастайная. Нягледзячы на тое, што на іх вышыта, адразу адчуваецца ўнутраны свет яе творцы – багаты, такі чысты і адкрыты.

-  У людзях стараюся заўважаць больш станоўчага. Чэрпаю энергію ад сустрэч з роднымі – дачкой, зяцем, унучкай, і знаёмымі, якіх у мяне многа. На лёс не наракаю, дзякую богу за тое, што маю.  Чалавек усё можа вытрымаць: голад, холад, - галоўнае, каб быў мір на зямлі, - працягвае  Марыя Мікалаеўна.

На стале ў маёй гераіні ляжыць раскрытая кніга – Фёдар Дастаеўскі.

- Так. Перачытваю рускую класіку.  Чытанне – сапраўдны свет, дае чалавеку натхненне, прымушае развівацца: не важна колькі табе гадоў, ты заўсёды павінен глядзець наперад, шукаць сэнс у кожным дні, - гаворыць Марыя Мікалаеўна. -  Не трэба лічыць гады, мы ўсё роўна іх не вернем і не прыбавім. Трэба  імнуцца напаўняць наканаваныя дні сэнсам і добрымі справамі.

Алена БАКУН

Фота: Алена БАКУН

 

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу