Прогноз погоды
Пн, 19 мая 2025

Творчыя таленты – для Белай Русі

23/04/2018 Молодёжь Творчество Конкурсы Год малой родины

Аб тым, што Беларусь - краіна разнастайных магчымасцяў, што побач з намі жывуць сапраўдныя майстры сваёй справы, а разам з сябрамі і блізкімі заўседы лепш, чым у адзіноце, красамоўна распавядалі ў сваіх работах ўдзельнікі раённага этапа рэспубліканскага конкурсу “Залатое пяро “Белай Русі”, вынікі якога былі падведзены 13 красавіка ў рэдакцыі газеты “Кобрынскі веснік”.

Удзельнікамі спаборніцтва сталі юнакі і дзяўчаты ва ўзросце ад 12 да 30 гадоў. Адметна, што цікавасць да яго, як і да дзейнасці раённай арганізацыі “Белая Русь”, пад эгідай якой ён праходзіць, з кожным годам расце. У гэты раз конкурс прайшоў у цесным супрацоўніцтве з аддзелам адукацыі, спорту і турызму Кобрынскага райвыканкама і рэдакцыяй газеты “Кобрынскі веснік”.

У гэтым годзе, акрамя школьнікаў, у ім прынялі ўдзел студэнты вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, а таксама прадстаўнікі з ліку працуючай моладзі. Якасць работ павышаецца, у іх адлюстроўваецца творчы патэнцыял і станоўчая грамадзянская пазіцыя аўтараў. Журы, якое ўзначаліў старшыня раённай арганізацыі «Белая Русь» Раман Мельнік, прааналізавала каля 20 творчых работ, прагледзела больш за паўсотні фотаздымкаў, шэраг відэаролікаў, каб вылучыць пераможцаў.

- Конкурс ставіць асноўнай мэтай папулярызацыю культурна-гістарычных і духоўных каштоўнасцяў, выяўленне таленавітых майстроў слова сярод маладых людзей, што мне, як галоўнаму рэдактару газеты “Кобрынскі веснік”, асабліва цікава. У творчых праектах канкурсанты адлюстроўваюць тыя праблемы, якія хвалююць сёння нашу моладзь, даючы і нам, прафесіянальным журналістам, своеасаблівы арыенцір для работы”, - падкрэсліў Раман Мельнік у прывітальнай прамове.

У намінацыі «Беларусь – краіна маіх магчымасцяў” пераможцамі сталі Ганна Прылуцкая з ДУА “Гімназія г.Кобрына”, Вікторыя Актысюк з ДУА “Кобрынская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат” і Валерыя Царова з СШ №7. У намінацыі “Медыя ІІІ тысячагоддзя” першае месца прысуджана ўраджэнцы Кобрына Лізавеце Голад, якая шліфуе сваё творчае майстэрства на факультэце журналістыкі БДУ. Другое месца – у настаўніцы СШ №6 Ганны Нічыпорчык, трэцяе – у матроса-выратавальніка АЦ Аквапарк КУШВП ЖКГ «Кобрынская ЖКГ» Анатоля Тарасюка. У самай працаёмкай намінацыі –“Майстар сваёй справы”, дзе трэба было прадставіць на конкурс відэаролікі, перамогу атрымала Ганна Кірылюк з СШ №7, другое месца – у Дзяніса Гарбацкага і Андрэя Харэвіча з Кобрынскага дзяржаўнага палітэхнічнага колледжа, трэцяе – у вучняў Павіццеўскай СШ (кіраўнік Ларыса Марчук). Намінацыя “Разам весела крочыць” прадугледжвала конкурс мастацкай фатаграфіі. Найбольш яскравымі сталі здымкі Веранікі Буры і Івана Коркаша з Астроміцкай СШ, Дар’і Марчук з Пескаўскай СШ.

Пераможцы і ўдзельнікі былі адзначаны граматамі раённай арганізацыі “Белая Русь”, дыпломамі і лістамі падзякі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і памятнымі падарункамі спонсараў конкурсу – Кобрынскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, газеты “Кобрынскі веснік”, кампаній “Камп’ютар-сэрвіс” і “Бента сушы”. Уладальнікі першых месцаў будуць абараняць гонар Кобрыншчыны на абласным этапе конкурсу.

Жанна ЕЛІЗАРАВА.

НА ЗДЫМКУ аўтара: Раман Мельнік з пераможцамі і прызерамі конкурсу.

 

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу