Прогноз погоды
Пн, 19 мая 2025

Таццяна Саўчук: “Веснавой раніцай загадала жаданне”

07/03/2011 Социум Творчество

Чароўная, абаяльная, прывабная, пяшчотная, шчырая, ласкавая… Напэўна, эпітэты, якіх заслугоўвае цудоўная палова чалавецтва, можна пералічваць бясконца. Кожная жанчына мае маленькія сакрэты, якія прыцягваюць нашу ўвагу. Адзін з іх – арыгінальны імідж. Уладальнік  салона-цырульні “Пасольства прыгажосці” па вул. Савецкай Таццяна Саўчук усё сваё сумленнае жыццё займаецца няпростай, але творчай місіяй – ствараць прыгажосць. Захапляцца стылем яна пачала яшчэ ў дзяцінстве. Таня магла ў прамым сэнсе гадзінамі назіраць за спраўнымі, дакладнымі рухамі цырульнікаў, паколькі іх рукі ператваралі, здавалася б, звычайную жанчыну ў сапраўдную ледзі. Дзяўчына ўсур’ёз займалася музыкай і радавала поспехамі  бацькоў, якія жадалі, каб дачушка стала піяністам. Але Таццяна выбрала прафесію цырульніка. Аднойчы веснавой раніцай яна загадала жаданне – адкрыць прыватны салон прыгажосці. Праз некалькі гадоў яе мара здзейснілася.

- Першыя гады я і мае калегі працавалі кожны дзень з раніцы і да вечара. Перад намі стаяла галоўная задача – сабраць пастаянных кліентаў, прымнажаць вопыт і веды, - распавядае Таццяна Мікалаеўна.

Цяпер салон “Пасольства прыгажосці”  карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод наведвальнікаў. Як сведчыць Таццяна Саўчук, з кожным годам патрэбы кліентаў узрастаюць. Некаторыя нават прыходзяць з моднымі журналамі і просяць, каб іх зрабілі падобнымі на галівудскіх зорак. І цырульнікі ўключаюць усе свае творчыя здольнасці, каб  максімальна задаволіць пажаданні.

Таццяна Саўчук, нягледзячы на функцыі адміністратара, сама нярэдка ўключаецца ў работу і бярэцца ў асноўным за самыя арыгінальныя прычоскі, якія робіць з задавальненнем.

Салон “Пасольства прыгажосці” на працягу некалькіх гадоў актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці Кобрыншчыны, прапануе партнёрскую дапамогу ў час правядзення маладзёжных культурна-масавых мерапрыемстваў, як, напрыклад, “Міс Кобрын”, “Міс Залатая восень-2010”, дапамагае стварыць вобразы вядучых на мясцовым тэлебачанні. Пачуццё стылю, лічыць Таццяна, павінна стаць інструментам для выхавання ў першую чаргу нашага маладога пакалення, якому ў далейшым жыць і працаваць на роднай зямлі.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: Таццяна Саўчук.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу