Прогноз погоды
Пн, 19 мая 2025

Святая справа – сваю зямлю берагчы

04/05/2009 Социум

    Мы і раней удзялялі шмат увагі навядзенню парадку на зямлі, у населеных пунктах, у месцах грамадскага карыстання. Але 2009 год – асаблівы, ён аб’яўлены Годам роднай зямлі. Наш сельвыканкам актыўна ўключыўся ў гэту шырокамаштабную акцыю рэспублікі. Былі распрацаваны мерапрыемствы, у якіх прадугледжваецца добраўпарадкаванне тэрыторыі каля медыцынскіх устаноў, школ, устаноў культуры, сельсавета, эстэтычнае іх афармленне і іншыя акцыі. Гэта праграма зацверджана на пасяджэнні сельвыканкама, з ёю азнаёмлены ўсе кіраўнікі нашых прадпрыемстваў і арганізацый. Згодна з намечаным планам вясной правялі рэвізію зямельных участкаў, тых, што выдзяляліся пад агароды. Сабралі сход грамадзян, склалі спіс тых, хто будзе карыстацца зямлёй, а плошчу, якая засталася, аддалі ў арэнду.

    На тэрыторыі сельсавета шмат маленькіх вёсак, дзе сёння пражываюць адны старыя. Сваімі сіламі мы прыбралі на закінутых участках у вёсцы Нятрэба паваленую агароджу. Шмат зроблена і па навядзенню парадку на могілках. Так, яшчэ зімой паставілі агароджу на могілках у в. Гарадзец. Цяпер на чарзе – могілкі ў в.в. Падзяменне і Дзямідаўшчына. Акрамя таго, на тэрыторыі сельсавета налічваецца 11 месцаў пахавання, якія таксама прыводзім у парадак. У мінулым годзе рэстаўрыравалі помнік загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне ў в. Гарадзец, на што зрасходавалі больш за 4 мільёны рублёў. Зараз ідзе рэстаўрацыя такога ж помніка ў в. Камень. Рашэннем сельвыканкама ўсе помнікі ў нас замацаваны за арганізацыямі, наводзім парадак і ў знакамітым скверы польскай паэтэсы Марыя Радзевіч. Работнікі ААТ «Грушаўскі рамонтны завод” прыбралі тут старыя дрэвы, абкасілі тэрыторыю, пачысцілі сістэму сажалак. У гэтым годзе плануем усталяваць малыя архітэктурныя формы, каб зрабіць гэты куточак любімым месцам адпачынку сялян.

    Ва ўсіх нашых населеных пунктах арганізаваны вываз смецця машынамі Кобрынскай ЖКГ, у вёсках стала больш чыста. Займаемся эстэтычным добраўпарадкаваннем тэрыторый. Напрыклад, навокал жывёлагадоўчага комплексу каля гектара будзе занята насаджэннямі. Прыводзім у парадак тэрыторыі машынных двароў і ферм. ААТ “Гарадзец-агра” аб’явіла конкурс на лепшае афармленне гэтых тэрыторый з прысуджэннем грашовай прэміі. Сельвыканкам таксама кожны год праводзіць конкурсы на лепшы дом, лепшае месца грамадскага карыстання, лепшую вуліцу. Вынікі падводзім у верасні. Узнагароджванні лепшых прымяркоўваем да свята вёскі.

    Вялікую дапамогу сельвыканкаму аказваюць старасты вёсак. Іх у нас 16 чалавек. У большасці сваёй – людзі адказныя і працавітыя, хварэюць за агульную справу. Узяць, напрыклад, старасту в. Акцябр Марыю Кірылюк. Гэта нястомны і поўны ідэй чалавек. Яна стварыла кааператыў, каб правесці газ у вёсцы, арганізавала людзей на ўборку тэрыторыі сяла і могілак. У адказ – заслужаная павага вяскоўцаў.

    Адраджаць і ахоўваць прыгажосць зямлі – наша святое прызванне. І гэта работа будзе працягвацца заўжды.

    Марыя ЗДАНОВІЧ,старшыня Гарадзецкага сельвыканкама.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу