Пасёлак любы, сэрцу дарагі!
Узнікненне пасёлка звязана з гісторыяй вытворчага прадпрыемства “Кобрынская птушкафабрыка”, што было заснавана ў 1962 годзе. Сёння пасёлак займае 165 гектараў, налічвае 265 уласных падвор’яў, на якіх гаспадараць 698 чалавек. Старэйшым жыхарам пасёлка – Феліксе Глёк, Аляксандры Гузавец, Алене Ерафеевай, Любові Кавалевіч, Варвары Лубнік – ужо больш за 80 гадоў. Амаль паўстагоддзя жывуць і працуюць тут вядомыя ў акрузе сем’і Панюська, Кірылюк, Федасюк, Елісеевы, Кушнярук. 53 гады ў шлюбе пражылі Мікалай і Марыя Харковіч, юбілейныя даты адзначылі Іван і Надзея Астапчук, Мікалай і Марыя Жураўлёвы, Мікалай і Ірына Ляўчук, Юрый і Тамара Каркашук, сямейны стаж якіх налічвае больш за 30 гадоў.
Ёсць у пасёлку героі працы. Сярод іх Ніна Кірылюк, якая ў шаснаццацігадовым узросце ўладкавалася на фабрыку і прайшла шлях ад рабочай да начальніка яйкасклада, за што ўзнагароджана медалём “За доблесную працу”. Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга была ў свой час адзначана праца Любові Казак, якая аддала прадпрыемству амаль 40 гадоў жыцця.
Падарункі з рук прафсаюзнага лідара прадпрыемства Ірыны Злотнік атрымалі і тыя, для каго работа на птушкафабрыцы стала сямейнай справай: Іван і Ніна Кірылюк, Іван і Наталля Нічыпорчык, Іван і Надзея Астапчук. Удзячны ў пасёлку і старшыні ветэранскай арганізацыі Людміле Елісеевай. Гучалі віншаванні жыхарам, якія самааддана працуюць у іншых сферах, ствараючы дабрабыт кабрынчан. Гэта доктар Тамара Дывінец, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Вера Карась, настаўнік пачатковых класаў Таццяна Астапчук і многія іншыя, чый працоўны стаж налічвае больш за 35 гадоў.
Шматдзетныя сем’і, у якіх гадуюцца трое і больш дзяцей, прымалі віншаванні ад старшыні Кобрынскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Рамана Мельніка. Падарункамі сталі сертыфікаты і ад кампаніі “Камп’ютар-сэрвіс”, Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава.
Выступленне мясцовых самадзейных артыстаў і народнага хору “Палескія перазвоны” Кобрынскага Палаца культуры адбылося ўжо на новай сцэне, будаўніцтва якой ажыццяўлялася жыхарамі ў рамках праекта «З клопатам пра блізкага» пры падтрымцы Кобрынскага грамадскага аб’яднання «Клуб дзелавых жанчын «Бона»» і Батчынскага сельвыканкама. Кіраўнікі ГА «Бона» Ала Сапяжынская і Алена Мезенцава выказалі словы падзякі старшыні сельвыканкама Святлане Гангала і старасце пасёлка Таццяне Камінскай і ўручылі падарункі актыўным жыхарам, якія ў вольны час будавалі канцэртную пляцоўку.
– Зона адпачынку ў пасёлку – гэта толькі частка праекта «З клопатам пра блізкага». Наперадзе - стварэнне ў шэрагу вёсак сельсавета крытых прыпыначных пунктаў для чакання аўталавак, а таксама новы праект сельскага Савета, у межах якога ў вёсцы Андронава будуць усталяваны светадыёдныя лямпы, – адзначыла Святлана Гангала.
Жанна ЕЛІЗАРАВА.
НА ЗДЫМКУ аўтара: мастацкі кіраўнік Батчынскага Дома культуры Вера Залеўская, Святлана Гангала, дырэктар Праскоўя Каранчук.
Поделиться в соцсетях: