На святочных паліцах магазінаў зіхацяць усімі колерамі вясёлкі дзіцячыя цацкі. Многія з іх з рук Дзеда Мароза ці бацькоў у чароўную навагоднюю ноч будуць уручаны каля прыгажуні-ёлкі дзецям. Адзін з самых жаданых падарункаў - прадукцыя СТАА “ПП Палессе”.
Інжынер-канструктар “Палесся” Аляксей Сцепанчук пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта ўладкаваўся на прадпрыемства і працуе тут восьмы год. Ён курыруе канструктарскае бюро. Тут працуюць дванаццаць прафесіяналаў сваёй справы, якія здольныя вырашаць самыя складаныя задачы.
- Ведаеце, цацкі – гэта асаблівы тавар, які ацэньваюць самыя шчырыя і справядлівыя эксперты – дзеці. І менавіта таму заўсёды хочацца, каб кожны ўзор быў па-свойму непаўторны, развіваў творчыя здольнасці ў хлопчыкаў і дзяўчынак, - сведчыць Аляксей.
Міні-кухні, дошкі для малявання, разнастайныя канструктары, аўтамабілі… Сёння прадпрыемства выпускае больш за 1000 найменняў цацак з пластмасы, якія маюць павышаную бяспеку і выраблены з экалагічна чыстай сыравіны.
У творчай майстэрні канструктарскага бюро “Палесся” з раніцы і да позняга вечара кіпіць работа. Спачатку нараджаецца ідэя стварэння прадукту, якая рэалізуецца пры дапамозе праграмнага забеспячэння на камп’ютары. Потым цацку “вырошчваюць” у ЗD-прынтары, які слой за слоем складае прататып мадэлі. Пры неабходнасці яго можна ўдасканаліць і дапрацаваць. І толькі пасля зацвярджэння канчатковага варыянта тавар паступае ў шырокую вытворчасць.
Аляксей Сцепанчук нярэдка бывае ў замежных камандзіроўках у Кітаі, Германіі, Польшчы і іншых краінах. Як сведчыць ён, тэхналогіі, матэрыяльна-тэхнічная база “Палесся” не ўступаюць канкурэнтам. Па праву прадпрыемства ганарыцца і сваімі кадрамі, большасць з якіх – моладзь.
Каб цацкі “Палесся” былі адметнымі на паліцах магазінаў, неабходна стварыць іх імідж, разрэкламаваць прадукцыю на бігбордах, буклетах, у тэматычных каталогах і альманахах. Гэтай адказнай справай займаюцца супрацоўнікі аддзела мастацкага афармлення пад кіраўніцтвам Вольгі Шусціцкай. Яна закончыла Кобрынскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны мастацкі каледж і працуе на прадпрыемстве не першы год. Як сведчыць Вольга, выдатную крыніцу натхнення шукае не толькі ў сетцы інтэрнэт, тэматычных выданнях, але і… непасрэдна на вуліцах нашага прыгожага і сучаснага горада.
Роман МЕЛЬНИК
ФОТО АВТОРА
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) інжынерныя работнікі канструктарскага бюро і аддзела мастацкага афармлення Канстанцін Макараў, Аляксей Сцепанчук, Таццяна Ясінефта, Вольга Шусціцкая, і Сяргей Камянчук.
Поделиться в соцсетях: