У невялічкім пакоі школьнага гісторыка-краязнаўчага музея вёскі Астромічы ўжо даўно не ўмяшчаюцца ўсе экспанаты, з кожным годам іх становіцца больш, як і дзіцячых узнагарод абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.
- Музей быў створаны ў 1994 годзе. Актывізавала работу, напоўніла яе новым зместам настаўнік гісторыі Таццяна Тунчык, - расказвае дырэктар школы Галіна Свянтэцкая. - Ёй дапамагаюць іншыя настаўнікі, а школьнікі праводзяць у музеі шмат часу.
- Другі год мы вядзем абнаўленне экспазіцыі, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне, плануем аформіць стэнды аб прапаўшых без вестак жыхароў Астроміч, спаленых вёсках раёна, вязнях канцлагераў, пра пачатак вайны на Кобрыншчыне, - гаворыць Таццяна Тунчык.
Намаганнямі настаўнікаў і дзяцей ужо аформлены стэнд аб ветэранах з інфармацыяй аб іх узнагародах, запісваюцца ўспаміны сведкаў вайны. Ёсць цэлая выстаўка артэфактаў вайны: на паліцах - ваенныя каскі, гільзы, вінтоўка Мосіна, фрагменты штык-нажоў, сумка санінструктара і іншыя экспанаты.
- Дзеці прымаюць самы актыўны ўдзел у рабоце музея. Вучні сярэдніх класаў прыносяць экспанаты, старэйшыя вядуць навукова-даследчую працу, - працягвае Таццяна Аляксееўна. - Адзін з апошніх яе вынікаў - атрыманне Валерыяй Аўсейчук літаральна тыдзень таму трэцяга месца на рэспубліканскім конкурсе юных экскурсаводаў “Мая радзіма, Беларусь” у рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.
- Мая экскурсія мела назву “Каляровае падарожжа па Беларусі”, – расказвае Валерыя. - Галоўная ідэя – асацыіраванне колераў вясёлкі. Напрыклад, зялёны колер, колер прыроды, азначае падарожжа па Белавежскай пушчы, жоўты – колер багацця палёў, белы – колер незалежнасці. Быў у нас і чорны - колер смутку, якім напоўнілася наша зямля ў Вялікую Айчынную вайну.
У час наведвання школы давялося пазнаёміцца з іншымі пераможцамі конкурсу юных экскурсаводаў - Вольгай Блядных і Паўлам Леўшыцам, якія пазалетась былі першымі ў вобласці. У мінулым годзе работа Аляксандра Шасцерыка і Марыі Свіржэўскай на конкурсе “Сцяжынкамі малой радзімы” заняла другое месца ў рэспубліцы. Таксама мінулай восенню юным даследчыкам была ўручана грамата ад Брэсцкага ваенкамата за ўдзел у конкурсе “Вазьмі, мой унук, у спадчыну памяць” за работу “Лёс генерала”, якая распавядала пра жыццёвы і ваенны шлях выхадца з Кобрыншчыны генерал-маёра Аляксея Грышкоўскага. І гэта далёка не поўны пералік узнагарод астроміцкіх дзяцей.
Настаўнікі школы сапраўды вучаць любіць і шанаваць гісторыю і свой край. Менавіта праз такую работу і выхоўваюцца патрыёты.
Людміла ПАШКОВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Валерыя Аўсяйчук, Вольга Блядных і Павел Леўшыц са сваімі работамі ў школьным музеі.
Фота аўтара.