Прогноз погоды
Пн, 19 мая 2025

Сдать квартиру в Кобрине реально. Действуйте по правилам.

23/02/2012 Социум Закон и право

Здача кватэры ў арэнду – справа звычайная. Але з часам абставіны змяняюцца. Аб сённяшніх рэаліях расказвае старшы дзяржаўны падатковы інспектар аддзела дэкларавання прыбыткаў і маёмасці інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Кобрынскім раёне Ганна СЯРГЕЕВА.

- Ганна Леанідаўна, што трэба ведаць падчас здачы кватэры ў арэнду?

- Самы надзейны і бяспечны шлях - падпісанне дагавора паміж жыльцом і гаспадаром кватэры. Дагавор - дакумент, з якім у выпадку непрадбачанай сітуацыі як уласнік жылля, так і сам жыхар могуць звярнуцца ў суд.

Уявім адваротную сітуацыю. Дагавор найму ці паднайму адсутнічае. А значыць, няма апісання перададзенай маёмасці і стану кватэры. І калі гаспадар заўважыў, што жыхары пашкодзілі сантэхніку, сапсавалі шпалеры і г.д., то ў яго будуць цяжкасці з доказамі ў судзе. Таксама ў выпадку, напрыклад, вялізных рахункаў за тэлефонныя размовы, інтэрнэт і г.д. даказаць, што гэта зрабіў жыхар, у судзе будзе цяжка.

Калі ідзе здача кватэры на доўгі тэрмін без заключэння дагавора і платы падатку, то наймальнік можа адмовіцца выселіцца з кватэры, пачаць шантажыраваць уласніка жылля вялікімі штрафнымі санкцыямі з боку падатковай інспекцыі. Для вырашэння гэтай сітуацыі давядзецца спачатку выплаціць падатак і штраф, а пасля падаваць у суд іск аб высяленні. У судзе давядзецца заплаціць дзяржпошліну за падачу іска, таксама заплаціць адвакату, які будзе прадстаўляць інтарэсы ў судзе.

- Куды трэба ісці, каб рэгістраваць дагавор?

- Дагавор арэнды  (найму) заключаецца ў пісьмовай форме (ёсць тыповы ўзор, зацверджаны пастанавай Савета Міністраў  Рэспублікі Беларусь ад 12.09.2006 г. № 1191). Пасля кватэраздатчык павінен зарэгістраваць яго ў Кобрынскім райвыканкаме. Дагавор паднайму жылых памяшканняў дзяржаўнага фонду рэгіструецца ў КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ”.

- Колькі чалавек на дадзены момант плацяць падатак?

- За 2011 год у Кобрыне зарэгістравана 747 плацельшчыкаў. За апошнія тры месяцы амаль 100 чалавек сталі на ўлік. Але аб’яў пра арэнду пакояў ці кватэры нашмат больш. На жаль, рэгіструюцца ў падатковай службе не ўсе…

- Якая сума падатку?

- Падатак сёння складае 0,4 базавай велічыні - гэта 14 тысяч рублёў у месяц за адзін пакой. Падатак налічваецца ў залежнасці ад колькасці пакояў, якія здаюцца. Гэта значыць, калі грамадзянін здае два пакоі, то падатак будзе 0,8 базавай велічыні. Можна плаціць і за ўвесь перыяд, і памесячна.

Пры гэтым, калі вы за 2011 год атрымліваеце прыбытак ад здачы кватэр у арэнду больш за 500 базавых велічынь, то павінны падаць у падатковую службу падатковую дэкларацыю не пазней за 1 сакавіка года, які ідзе за падатковым перыядам. У 2012-м годзе агульны памер такога прыбытку не павінен перавышаць 26,5 млн. рублёў.

Таксама варта адзначыць, што з 1 студзеня 2012 года  ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс Беларусі. Згодна з ім прыбыткі, атрыманыя ад здачы жылля, абкладаюцца падаходным падаткам. Сума падатку вызначаецца абласнымі Саветамі дэпутатаў у залежнасці ад катэгорыі населенага пункта, дзе здаецца жыллё.

- Ці ёсць ільготы пры плаце падатку?

- Калі родзічы здаюць кватэру родзічам (першая ступень роднасці), то тады па падатках ёсць ільготы. Патрэбна толькі прадаставіць пасведчанне аб нараджэнні ці пасведчанне аб заключэнні шлюбу. І падатак не плаціцца.

Таксама прадастаўляюцца льготы пры здачы кватэры маладым спецыялістам, маладым рабочым (служачым). Да гэтай катэгорыі адносяцца выпускнікі, якія атрымалі месца работы (службы) праз размеркаванне; выпускнікі, якія накіраваны на работу (службу) згодна з дагаворам аб падрыхтоўцы навуковага супрацоўніка вышэйшай кваліфікацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, дагавораў аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста (рабочага, служачага).

- Што пагражае неплацельшчыкам?

- За ўхіленне ад платы падатку наступае адказнасць згодна з ч. 6 арт. 13.6 Кодекса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Згодна з гэтай нормай неплацельшчыку пагражае штраф у памеры 15% ад нявыплачанай сумы падатку, збору (пошліны), але не менш за 0,5 базавай велічыні.

Настасся ЗАНЬКО.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу