Сб, 15 марта 2025
Прогноз погоды

Прыгажосць чалавека у працы

25/03/2022 Социум Наши люди

Галіну Ярмалюк у вёсцы Лелікава ведаюць добра. Аднавяскоўцы адносяцца да яе з павагай, у тым ліку і за яе праўдзівасць. Жанчына ніколі не асуджае чалавека ў яго за спінай, калі нешта не так, кажа ў вочы. Некаторыя, можа, і крыўдзяцца іншым разам на такую прамалінейнасць, але ненадоўга – Галіна Аляксандраўна ў многім прыклад для аднавяскоўцаў.

Яе муж памёр у маладым узросце: у 40 гадоў пайшоў з жыцця праз хваробу на сэрца. У свае 38 гадоў Галіна засталася адна з чатырма дзецьмі на руках. «Было вельмі боязна», – успамінае жанчына падзеі 1991 года, калі страціла мужа. Вялікую падтрымку абяцаў аказваць маладой удаве свёкар, але ён раптоўна памёр праз два месяцы пасля смерці сына. І засталася Галіна сам-насам са сваім клопатам. А яго было многа. Усе чацвёра дзяцей былі непаўналетнімі: Ларысе – 15, Людміле – 13, Наталлі – 11, а малодшаму Віталію – 5 гадоў. Гаспадарка сям’і была вялікай: дзве каровы, свінні, птушка.

Тое, што маме цяжка, дзеці не заўважалі: на іх вачах яна заўсёды была вясёлай. Толькі стаўшы дарослымі, яны зразумелі: такім чынам маці берагла іх тонкую псіхіку ад траўмы, якую магла нанесці ім страта блізкага чалавека. І толькі калі дзеці спалі, жанчына давала волю слязам.

Будні сям’і Ярмалюк былі распісаны па хвілінах. Галіна заўсёды была ў працы, да чаго і прывучала дзяцей. Першую палову дня яны праводзілі ў школе, а пасля дапамагалі маці па гаспадарцы. Вучыліся добра, настаўнікі на іх не скардзіліся, наадварот, пры сустрэчы гаварылі жанчыне цёплыя словы. І сама Галіна ў свой час добра вучылася ў школе, але лёс склаўся так, што атрымаць прафесіянальную адукацыю не давялося. Працоўны шлях пачынала рабочай на цагляным заводзе ў Кобрыне. Замужжа паспрыяла таму, што яна вярнулася ў родную вёску. У мясцовым калгасе працавала на розных пасадах. Некаторы час была бухгалтарам, марыла паступіць у Столінскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Планы змяніла хвароба мужа. Яго раптоўна паралізавала, і ён меў патрэбу ў пастаянным доглядзе. Акрамя цяжка хворага мужа, на руках у Галіны была гадавалая Ларыса. Мара пра вучобу так і засталася марай.

Працоўны стаж Галіны Ярмалюк вымяраецца 36 гадамі, за што ў пенсійным пасведчанні зроблена адзнака «Ветэран працы». Яго значную частку складае праца мыйшчыцай і цялятніцай. На вачах жанчыны яе родная мясцовая гаспадарка «Чырвоная звязда» аб’ядналася з ААТ «Любань».Дзеці заўсёды дапамагалі маці. Асабліва запомнілася ім праца на бураковых палях. Гэта зараз пры вырошчванні дадзенай культуры многія работы аўтаматызаваны, а раней пераважала ручная праца.Рана пасталеў Віталік. У дванаццаць гадоў ужо хадзіў за плугам. Добра, што было каму навучыць мужчынскай працы, – родны брат бацькі, дзядзька Валера, падставіў плячо шматдзетнай сям’і, якая засталася без гаспадара.

«Муж вельмі хацеў сына, дачакаўся, а папесціць не паспеў. Не па гадах Віталіку прыйшлося стаць гаспадаром», – заўважае жанчына і змахвае слязу з вачэй. Успомніла яна, як будзіла свайго сыночка ледзь толькі сонца ўзыдзе на касавіцу. Сэрца разрывалася, калі ён, зусім малы, паспешна ўставаў і апранаўся. Галіна Аляксандраўна касіла разам з сынам. Напэўна, артрыт, на які жанчына ўжо працяглы час хварэе, наступства цяжкай працы.

Яе працавітасці і спрытнасці можна было пазайздросціць. Пасля смерці мужа яна не толькі не прадала кароў, а яшчэ купіла каня, каб было зручней працаваць па гаспадарцы. Цэлае лета з ранку да вечара з дзецьмі нарыхтоўвала сена для жывёлы. У вёсцы не кожная сям’я з гаспадаром трымала яе столькі… Зімой нараўне з мужчынамі хадзіла ў лес на нарыхтоўку дроў. Дзеці і тут былі памочнікамі. У кожную пару года яе нястомным рукам знаходзілася праца.

Азіраючыся назад на пражытыя гады, Галіна Аляксандраўна ні на што не скардзіцца, толькі шкадуе, што яе мужу быў адведзены на зямлі такі кароткі век. Не бачыў ён, як павыходзілі замуж яго дочкі, як ажаніўся сын, не гушкаў на руках унукаў – а іх у жанчыны 10 (4 унучкі і 6 унукаў) і 1 праўнучка.

У свае 69 гадоў Галіна Аляксандраўна па-ранейшаму займае актыўную грамадзянскую пазіцыю, неабыякава ставіцца да падзеяў, якія адбываюцца ў вёсцы, ходзіць у царкву. Яе дні і зараз праходзяць у пастаянным клопаце. Калі дазваляе здароўе, завіхаецца на вуліцы, прыглядае за сваімі курачкамі, нездаровіцца – чытае кнігі. Яе тэлефон рэдка маўчыць: дзеці, сястра, сяброўкі… Пагаварыць з чалавекам, які аптымістычна настроены на жыццё, тое самае, што напіцца свежай вады з крыніцы. Людзі адчуваюць яе пазітыўнасць, таму і цягнуцца…

Людміла ДУБІНА

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу