Прогноз погоды
Пн, 19 мая 2025

Пенсія – не падстава для суму

29/02/2012 Социум Праздники Официально

Як сцвярджае старшыня Кобрынскага раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Данута Рагачук, пенсія для настаўніка – гэта зусім не падстава для таго, каб сумаваць. У цесным кантакце з выканаўчай уладай, старшынёй райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Сцяпанам Ніканчуком, кіраўнікамі школ і іншымі зацікаўленымі структурамі, а таксама са сваім намеснікам Лізаветай Дземянчук Данута Валяр’янаўна шмат гадоў запар робіць усё магчымае, каб кожны з педагогаў атрымаў неабходную падтрымку. Усяго у раённым савеце ветэранаў педагагічнай працы налічваецца 2010 чалавек, сем з іх маюць ганаровае званне заслужаных настаўнікаў БССР, 107 педагогаў удастоены медалёў і іншых дзяржаўных узнагарод.

Нядаўна Данута Валяр’янаўна прэзентавала грамадскасці Кобрыншчыны аматарскі альманах “Свет захапленняў”, які ілюструе дзейнасць ветэранаў педагагічнай працы на заслужаным адпачынку. У мінулым настаўніца пачатковых класаў Марыя Кірылюк шмат гадоў з’яўляецца старастай в. Акцябр. Сваімі добрымі справамі яна зарабіла высокі аўтарытэт сярод аднасяльчан. У вольны час захапляецца кулінарыяй. Былая настаўніца біялогіі і хіміі СШ №6 Лідзія Вакульчык займаецца дызайнам жаночага адзення, вяжа арыгінальныя стыльныя рэчы, якія неаднаразова выстаўляліся ў Брэсце. Актыўную жыццёвую пазіцыю займаюць ветэраны педагагічнай працы Марыя Акуліч, Вера Андраюк, Ніна Грабянчук, Надзея Сілік, Святлана Нікіценка, Рэгіна Конан і многія іншыя.

На базе навучальных устаноў наладжана сістэмная работа з ветэранскім актывам. Гэта СШ №№1, 2, 4, 7, Гарадзецкая, Батчынская, Балоцкая, Акцябрская школы і інш. Тут праводзяцца тэматычныя мерапрыемствы з абавязковым  запрашэннем педагогаў, якія знаходзяцца на пенсіі.

- Ведаеце, трэба бачыць, наколькі ў працэсе такіх сустрэч блішчаць радасцю вочы ў ветэранаў, з якім жаданнем яны абменьваюцца сваімі ўражаннямі, як з цікавасцю даюць урокі жыцця юнакам і дзяўчатам, якія толькі пачынаюць свой жыццёвы шлях. Пераканана, што іх вопыт – даражэй за золата, - адзначае Данута Рагачук.

Раман МЕЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: Данута Рагачук.

Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу