Вось ужо каторы год традыцыйна пад эгідай раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу праводзіўся чарговы этап акцыі «Прафсаюзы – дзецям». Яе мэта - аказаць матэрыяльную і маральную падтрымку тым, каму гэта неабходна ў першую чаргу. Галоўны арганізатар мерапрыемства - старшыня Кобрынскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Лазарчук - з дабрачынным візітам наведаў дзіцячы сацыяльны прытулак у в. Барысаўка, каб павіншаваць яго выхаванцаў з Днём ведаў і ўручыць ім каштоўныя падарункі.
Тэрыторыя гэтай установы адразу ж парадавала вока. Сапраўдны кветачны салют на клумбах, роўна падстрыжаныя газоны і чысціня навокал адразу ж настройваюць на пазітыўны лад. Дзеці з задавальненнем і радасцю сустрэлі знаёмага госця.
Васіль Лазарчук расказаў прысутным аб тым, што сёлета акцыя праводзіцца па некалькіх напрамках. Адзін з іх – аздараўленне дзяцей у летніх лагерах. На гэтыя патрэбы было выдзелена больш за 9 млн. рублёў. Таксама з нагоды Дня ведаў аказвалася падтрымка школьнікам, якія пражываюць у неспрыяльных сем’ях. Ім па ліні райкама і прафкамаў прафсаюза на месцах былі закуплены неабходныя рэчы і пісьмовыя прыналежнасці на суму каля 3,5 мільёна рублёў. Прафсаюзны лідар ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў дзецям падарункі, пажадаў моцнага здароўя, дабрабыту і поспехаў у вучобе. У сваю чаргу дырэктар прытулка Вольга Сергіевіч падзякавала Васілю Лазарчуку за такую ўвагу і выказала спадзяванні, што і ў далейшым супрацоўніцтва будзе працягвацца.
Цяпер у прытулку знаходзяцца 17 выхаванцаў ва ўзросце ад 3-х да 16 гадоў. І кожнаму з іх патрабуецца максімум увагі, клопату, пяшчоты, дабрыні і павагі. Па самых розных прычынах яны апынуліся ва ўстанове сацыяльнага тыпу. На жаль, у большасці выпадкаў у гэтым вінаватыя несумленныя бацькі, якія выбралі для сябе не сямейнае шчасце, а штодзённы алкагольны дурман…
Вольга Сергіевіч зазначыла, што ў перыяд летніх канікулаў дзецям не было калі сумаваць. Яны адпачывалі па спецыяльна распрацаваным плане, актыўна ўдзельнічалі ў спартыўна-масавых і культурных мерапрыемствах, наведвалі г. Кобрын, каб прайсці курс аздараўлення. Прыемна тое, што пра маленькіх выхаванцаў не забываюць прадстаўнікі прафсаюзнага руху раёна, старшыні сельвыканкамаў, супрацоўнікі ЗАГСа, кабрынчанін Аляксандр Рыжук. Усе жадаючыя паўдзельнічаць у лёсе гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак могуць звяртацца да адміністрацыі сацыяльнага прытулка. Іх клопат лішнім не будзе.
Раман МЕЛЬНІК.НА ЗДЫМКУ аўтара: старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Лазарчук у час уручэння падарункаў.