Прогноз погоды
Пн, 19 мая 2025

На базе санатория «Надзея» состоялся областной семинар, посвященный проблемам людей с ограниченными возможностями.

04/07/2012 Социум

Калі мы гаворым пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі, часта бачым толькі абмежаванні – забываючы пра тое, што яны – такія ж людзі, як і мы, са сваімі патрэбамі і жаданнямі. Яны таксама хочуць быць запатрабаванымі, зарабляць грошы, самарэалізоўвацца і весці актыўнае насычанае жыццё. Менавіта гэтай тэме быў прысвечаны семінар “Ад інтэрнатаў да незалежнага пражывання”, арганізаваны дабрачыннай грамадскай арганізацыяй “Крыніца адраджэння” сумесна  з камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама, пры актыўным удзеле Кобрынскага псіханеўралагічнага інтэрната, які прайшоў нядаўна на базе санаторыя “Надзея”.

Шчыра кажучы, на першы погляд сама ідэя незалежнага пражывання людзей, якія зараз знаходзяцца ў дамах-інтэрнатах, выглядае даволі нязвыкла. Аб тым, што прапаноўваецца ў якасці альтэрнатывы і навошта ўвогуле ўсё гэта патрэбна, нам расказала кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт кафедры прыкладной псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Марына Краўцова.

- У апошнія гады вельмі актыўна абмяркоўваюцца ідэі забеспячэння новай якасці жыцця для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Актуальнасць набывае ўжо не медыцынскі аспект, у якім доўгі час вялася работа ў гэтым напрамку, а новыя метады суправаджэння і арганізацыі жыцця. Зразумела, ніхто не гаворыць пра тое, што неабходна адначасова закрыць усе дамы-інтэрнаты і проста выкінуць усіх гэтых людзей у самастойнае жыццё – да гэтага жыцця іх яшчэ трэба вельмі добра падрыхтаваць. Значыць, неабходнай з’яўляецца трэнінгавая дзейнасць – патрэбна вучыць людзей з абмежаванымі магчымасцямі распараджацца сваімі фінансамі, весці дамашнія справы, і гэтак далей.

Калі ж гаворка ідзе пра людзей з цяжкімі парушэннямі, на сцэну выходзіць новая фігура – асістэнт. Гэта не нянька і не ўрач, а хутчэй, памочнік, які будзе дапамагаць вырашаць складаныя пытанні. Прычым дапамогі павінна быць роўна столькі, колькі неабходна  – яна не павінна ператварацца ў канцэпцыю пастаяннага нагляду. У выніку мы атрымліваем чалавека, які набліжаецца да паўнацэннага члена грамадства, – выконвае пасільную работу, зарабляе грошы, уключаецца ў грамадскае  жыццё і прыносіць карысць. Пры пражыванні ў дамах-інтэрнатах, па сутнасці, чалавек становіцца ўтрыманцам, які знаходзіцца на поўным забеспячэнні дзяржавы. І справа тут нават не ў матэрыяльным аспекце – а ў тым, каб максімальна наблізіць жыццё гэтага чалавека да жыцця актыўнага, самастойнага члена грамадства.

- Прыкладам падобнай работы з’яўляюцца сацыяльныя майстэрні – такія, дарэчы, паспяхова працуюць і ў вас на Кобрыншчыне - пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, - расказвае начальнік аддзела стацыянарных сацыяльных устаноў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама Вячаслаў Маразюк. - Пытанне адносна дамоў-інтэрнатаў заключаецца ў тым, што людзі, якія там пражываюць, з пункту гледжання закону з’яўляюцца недзеяздольнымі. Застаецца дачакацца змен у заканадаўстве, якія б змаглі ўрэгуляваць гэтыя нюансы, і трэба адзначыць, што на сённяшні дзень у гэтым плане ўжо назіраецца пэўны рух. А ў цэлым можна сказаць, што да рэалізацыі ідэй, якія прагучалі на семінары, нашы сацыяльныя структуры гатовыя.

Людзі, якія волею лёсу апынуліся ў складаным становішчы інвалідаў, жадаюць жыць актыўным, паўнацэнным жыццём. Будзем спадзявацца, што ўсе ініцыятывы, азначаныя ў ходзе семінара, абавязкова знойдуць сваё ўвасабленне на практыцы – і напоўняць жыццё гэтых людзей новымі фарбамі і новым сэнсам.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу

Последние новости