Прогноз погоды
Пн, 19 мая 2025

Мероприятия посвященные Дню Независимости Республики Беларусь в Кобрине.

09/07/2015 Праздники Официально

Яшчэ за паўгадзіны да пачатку мітынгу, прысвечанага Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, раніцай 3 ліпеня на цэнтральнай плошчы горада было мнагалюдна. Кіраўніцтва раёна, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы, прадстаўнікі працоўных калектываў, моладзь і маленькія дзеці з бацькамі сабраліся разам, каб у атмасферы асаблівай урачыстасці і цеплыні ўшанаваць подзвіг салдат-пераможцаў, вызваліўшых Беларусь ад фашысцкіх захопнікаў, адзначыць галоўнае свята краіны.
- Гады незалежнасці змянілі свядомасць нашых людзей. Мы адчулі сябе самастойнай краінай, адзіным моцным народам. Адсутнасць агрэсіі да суседзяў - адметная рыса беларусаў, якія ніколі першымі не браліся за зброю. Інтарэсы народа  вызначальныя ў нашай дзяржаве. Незалежнасць Беларусі - гарант умацавання эканомікі, развіцця навукі і культуры, паляпшэння дабрабыту людзей, - адзначыў у сваім выступленні на мітынгу старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук.
На плошчы імя Леніна гэтай ліпеньскай раніцай гучалі патрыятычныя песні, у тым ліку ў выкананні фіналістак нацыянальнага адбору дзіцячага “Еўрабачання-2015” Лізаветы Козак і Алены Тоўсцік. Каб аддаць даніну павагі гераізму франтавікоў і працаўнікоў тылу, партызан і падпольшчыкаў, якія прынеслі свабоду беларускаму народу, святочная калона кабрынчан накіравалася ў сквер імя А. Марозава, дзе адбыўся цырыманіял ускладання кветак да абеліска Перамогі.
Незвычайная тэматычная праграма чакала ўсіх у Палацы культуры. Кобрынскія артысты аказаліся не горшыя за сталічных зорак і ў якасці падарунка гледачам паднеслі тэатралізаваны канцэрт “Беларусь - мая гордасць і слава!”, які больш нагадваў мюзікл.
Асаблівай крэатыўнасцю вызначыўся падыход да свята ў парку імя А. В. Суворава. Да традыцыйнай салдацкай кашы, канцэрта ў амфітэатры і дыскатэкі для ўсіх узростаў дабавіліся шматлікія новаўвядзенні.
Кабрынчане і госці горада маглі перанесціся ў канец XIV - пачатак XV стагоддзяў. Такую магчымасць прапанаваў клуб гістарычнай рэканструкцыі “Гівойт” з Мінска. Была магчымасць назіраць за рыцарскім турнірам, а потым сфатаграфавацца на памяць з рыцарамі, вывучыць сярэдневяковыя танцы і паспрабаваць сябе ў перацягванні вяроўкі на калодачках. Дарэчы, рыцарскія даспехі, якія сябры клуба вырабляюць самі, важаць 25-30 кілаграмаў. Сапраўдная бітва з рыцарамі, хоць і на кіях, а таксама накідванне кольцаў асабліва спадабаліся дзецям. Адметнасцю дзей з рыцарамі была сакавітая беларуская мова, на якой “госці з мінулага” размаўлялі не толькі паміж сабой, але і з кабрынчанамі. “Веданне гісторыі і мовы - гэта частка нашага жыцця”, - пракаментаваў ганаровы сябра клуба “Гівойт” Юрый Усціновіч.
Па суседстве з рыцарамі размясціліся навучэнцы Верхалескай школы верхавой язды, якія прадэманстравалі не толькі свае здольнасці трымацца ў сядле, але і праходжанне дыстанцыі з перашкодамі.
Нямала гледачоў сабрала і конкурсная праграма “Бітва шпілек і гальштукаў”, у якой удзельнічала пераважна моладзь. Праз якія толькі выпрабаванні не прыйшлося прайсці юнакам і дзяўчатам! Хлопцы рабілі манікюр на ўмоўных жаночых руках, збіралі сваіх сябровак на свята, робячы ім макіяж і прычоску. Яны нават на нейкі момант ператварыліся ў цяжарных жанчын. Не лягчэй было і дзяўчатам, якія галілі паветраны шарык, завязвалі мужчынскі гальштук і выконвалі іншыя, не менш складаныя, заданні.
Адным словам, свята атрымалася. І кабрынчане на сабе адчулі, як добра жыць і адпачываць у незалежнай Беларусі.
Наталля НІЖНІК.
Фота  Ігара СІДАРУКА.
[gallery link="file" order="DESC" columns="4"]

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу