Прогноз погоды
Пн, 19 мая 2025

Кобрын: “Дажынкі-2009” Прыярытэт дзяржавы

24/06/2009 Социум Здаровы лад жыцця

    Ахова здароўя насельніцтва з’яўляецца прыярытэтам нашай дзяржавы. Меркаваць аб гэтым можна па тых зменах, якія адбываюцца ў нашым раёне. Сур’ёзныя задачы па ўмацаванню матэрыяльнай базы медыцыны Кобрыншчыны павінны быць выкананы да фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2009”. Аб тым, што робіцца ў гэтым напрамку, расказвае галоўны ўрач установы аховы здароўя “Кобрынская цэнтральная раённая бальніца” Вячаслаў КРЫВЕЦКІ.

    - У шэрагу намечаных мерапрыемстваў, - зазначыў Вячаслаў Анатольевіч, - выкананне бягучых, капітальных рамонтаў памяшканняў, набыццё новых лекавых прэпаратаў, абсталявання, а ўвогуле – перааснашчэнне нашай установы аховы здароўя ў адправеднасці з сучаснымі патрабаваннямі.Да прыкладу, летась распачалі рамонт будынка хуткай медыцынскай дапамогі, які ўжо заканчваем. Капітальны рамонт праводзіўся з адначасовым выкананнем цеплавой рэабілітацыі будынка, заменай даху, добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Накшталт гэтага быў запланаваны і яшчэ вядзецца рамонт дзіцячай бальніцы і паліклінікі.У мінулым годзе заняліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі цэнтральнай раённай бальніцы. Абсталявана агароджа райбальніцы, заасфальтаваны вуліца, што праходзіць каля бальніцы, і пляцоўка перад новай паліклінікай.

    - Скажыце, калі ласка, а што зроблена ў памяшканнях установы аховы здароўя?

    - У мінулым годзе адрамантавалі прыёмны пакой, капітальны рамонт правялі ў рэнтгенкабінеце, дзе ўстаноўлены рэнтгенаўскі апарат італьянскай вытворчасці. Цяпер ён працуе. Распачалі работы па рамонту пераходнай галерэі (з бальніцы ў паліклініку). Па ходу рамантуюцца функцыянальныя кабінеты, якія размешчаны на плошчах галерэі. Фронт работ выканалі вельмі вялікі: патрэбна было замяніць старыя вітражы, з пункту гледжання цеплазберажэння паменшылі аконныя праёмы. Цяпер рыхтуем флюараграфічны кабінет. Дарэчы, для яго атрымалі новы флюараграфічны стацыянарны апарат, які будзе ўстаноўлены пасля рамонту памяшкання.

    У радзільным доме прывялі да ладу фізіялагічнае аддзяленне, цяпер поўным ходам ідзе рамонт абсервацыйнага аддзялення. У бальніцы закончаны рамонт неўралагічнага і тэрапеўтычнага аддзяленняў, распачалі рамонт трэцяга паверха, дзе размяшчаюцца ўралогія, рэанімацыя і кардыялогія. Гэты паверх мы абавязаны ўпарадкаваць да 1 верасня. Будуць таксама адрамантавана цэнтральная лесвіца, заасфальтаваны дарожкі, адрамантаваны фасады цэнтральнай бальніцы, запланавана добраўпарадкаванне ўсёй тэрыторыі.

    - На свята прыедзе шмат гасцей, напэўна, каму-небудзь спатрэбіцца медыцынская дапамога.

    - Увесь комплекс ажыццяўляемых мерапрыемстваў і накіраваны на тое, каб зябяспечыць паўнацэннае лячэнне хворых і аказаць кваліфікаваную дапамогу ў самай складанай сітуацыі. Рэанімацыйнае аддзяленне, напрыклад, пашыраем. Усё робіцца для таго, каб аддзяленні бальніцы былі аснашчаны і дзейнічалі па крытэрыях самых высокіх патрабаванняў.

    - Вячаслаў Анатольевіч, як аснашчаецца абсталяваннем медыцына раёна?

    - Нягледзячы на вядомыя фінансава-эканамічныя праблемы, медыцына застаецца прыярытэтам дзяржавы. Дзейнічаюць адпаведныя праграмы, згодна з якімі развіваецца ахова здароўя. Без гэтага немагчыма было б ажыццяўляць такі вялікі аб’ём рамонтных і работ па добраўпарадкаванню аб’ектаў нашай сістэмы. Таксама прадугледжана і вядзецца перааснашчэнне ўстаноў аховы здароўя новым абсталяваннем. У асноўным яно айчыннае альбо расійскай вытворчасці.

    Летась, напрыклад, атрымалі апарат для правядзення ультрагукавога даследавання. Згодна з яго паказаннямі можна з высокай ступенню дакладнасці вызначыць паталогію, што важна для паспяховага лячэння. Флюараграфічныя апараты (стацыянарны і на шасі аўтамабіля МАЗ) кампю’ютарныя, даюць мінімальную дозу апраменьвання, чым пры звычайным флюараграфічным даследаванні. Якасць здымкаў пры гэтым вышэйшая, няма патрэбы траціць грошы на дарагую фотаплёнку.

    - А што робіцца па развіццю сельскай медыцыны?

    - У дзяржаўнай праграме па развіццю аховы здароўя, мерапрыемствах, якія ажыццяўляюцца да фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2009”, таксама прадугледжана ўмацаванне сельскай медыцыны. Па праграме адраджэння вёскі на сучасны ўзровень выводзяцца ўчастковыя бальніцы, амбулаторыі і фельчарска-акушэрскія пункты. Летась капітальна адрамантавалі Гарадзецкую ўчастковую бальніцу, якая цяпер адпавядае сучасным патрабаванням.
    - Правядзенне такога вялікага свята, як “Дажынкі”, не абыдзецца без удзелу медыкаў. Што мяркуецца зрабіць з пункту гледжання арганізацыі?

    - Рыхтуемся да гэтага мерапрыемства. Для дапамогі, якая, магчыма, спатрэбіцца, арганізуем дзяжурную брыгаду з неабходным запасам лекаў. Будуць задзейнічаны машыны хуткай дапамогі як нашы, так і неабходная колькасць з сумежных раёнаў. Плануецца таксама задзейнічаць неабходныя сілы і сродкі з вобласці і міжраённых устаноў аховы здароўя. Усё будзе арганізавана належным чынам.

    Вёў гутарку Аляксей ПЯНКО.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу

Последние новости