Наша першая сустрэча з кабрынчанінам Яўгеніем Грыгаруком адбылася ў межах марафона маладзёжнай творчасці “Лета-2015”. На пляцоўцы “Візуальнае мастацтва” хлопец разам з Аляксандрай Паповай прадставілі гледачам мастацтва пескаграфіі.
Творчы нумар у іх выкананні ўразіў сваёй упэўненасцю і дасканаласцю, што і паслужыла матывам для больш блізкага знаёмства з маладымі мастакамі.
Пескаграфія ўвайшла ў жыццё Яўгенія ў 2012 годзе, калі ён у складзе “дэлегацыі” Кобрынскага дзяржаўнага мастацкага прафесіянальна-тэхнічнага каледжа паўдзельнічаў у міжнародным творчым фестывалі “Хваля ідэй” у Балгарыі. У межах мерапрыемства адбыліся разнастайныя майстар-класы, адным з якіх і было пясчанае шоу. “Мяне вельмі ўразіла, як праз звычайны кар’ерны пясок ажываюць на вачах шматлікія вобразы”, - акунуўся ва ўспаміны Яўгеній. Тады ж ён і прапанаваў свайму педагогу – Ірыне Гулюце – арганізаваць у іх каледжы гурток па пескаграфіі. З часам ідэя была рэалізавана – на базе мастацкага каледжа распачаў сваю работу клуб пескаграфіі “Палітра”. Ужо праз год імя ідэйнага натхняльніка і ўдзельніка клуба Яўгенія Грыгарука загучала на ўзроўні рэспублікі: паводле вынікаў конкурсу “Арт-вакацыі-2013” яно было занесена ў банк адоранай моладзі Рэспублікі Беларусь.
Творчыя здольнасці да выяўленчага мастацтва ў хлопца праявіліся выпадкова. Спецыяльнасць – станочнік дрэваапрацоўчай вытворчасці, якой у свой час вырашыў авалодаць Яўгеній у Кобрынскім мастацкім каледжы, асвойвалася там у паралелі з прафесіяй мастака-афарміцеля. Зараз юнак пераступіў на новую ступень адукацыйнай лесвіцы і вучыцца ў Кобрынскім дзяржаўным політэхнічным каледжы на тэхніка-тэхнолага мэблевай вытворчасці.
З Аляксандрай Паповай яго звяла калектыўная творчая работа, якую яны як выхаванцы каледжа прадстаўлялі на адным з унутраных мерапрыемстваў. Маладыя людзі адразу спрацавалі на “выдатна” і цяпер выступаюць пераважна ў тандэме. “Працаваць удваіх – і зручней, і хутчэй”, - з усмешкай заўважыў Яўгеній. У Аляксандры – добрая падрыхтоўка, у свой час яна займалася маляваннем у кіраўніка “Народнай студыі выяўленчага мастацтва” Кобрынскага РЦДТ Анатоля Зуброва, на курсах па маляванні ў Кобрынскім дзяржаўным мастацкім прафесіянальна-тэхнічным каледжы. Цяпер дзяўчына асвойвае прафесію “мастак-афарміцель, аператар камп’ютарнай графікі” ў рэарганізаванай установе.
У юных творцаў ужо ёсць шэраг узнагарод на раённым, абласным, рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. У ліку апошніх – перамога ў фестывалі маладзёжнай творчасці “Лета-2015”, дзе я і пазнаёмілася з таленавітымі мастакамі.
Рабяты з задавальненнем адклікнуліся на прапанову правесці для мяне дадатковы майстар-клас. Гледзячы, як удала з жоўтага пясочку стваралася казка, міжволі падумала, дай божа, каб так жа спрытна і прыгожа яны тварылі і ўласнае жыццё.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.