Прогноз погоды
Пн, 19 мая 2025

Кобринская птицефабрика: за шаг до холдинга.

15/02/2012 Сельское хозяйство

У канцы мінулага года на ААТ “Кобрынская птушкафабрыка” адбыліся кардынальныя перамены: на ўзроўні Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання было вырашана аб’яднаць прадпрыемства з ААТ “Баранавіцкая птушкафабрыка”, каб у далейшым стварыць холдынг з удзелам усіх птушкафабрык Брэсцкай вобласці. Новым дырэктарам прадпрыемства быў назначаны Дзмітрый Місюк, які раней працаваў галоўным ветэрынарным урачом раёна.

- Дзмітрый Уладзіміравіч, не сакрэт, што яшчэ зусім нядаўна фабрыка перажывала далёка не лепшыя часы... Што Вы як новы кіраўнік можаце сказаць аб становішчы прадпрыемства?

- Адразу заўважу, што прадпрыемства захавала за сабой статус юрыдычнай асобы, разліковы рахунак у банку і іншыя рэквізіты, самастойнасць прыняцця рашэнняў. Аб’яднанне з Баранавіцкай птушкафабрыкай – гэта не ўтварэнне адзінай структуры. Зусім не. Проста на базе дзвюх фабрык ствараецца холдынг, які прадугледжвае цеснае супрацоўніцтва ў спецыфічным бізнесе, з паступовым уключеннем у яго ўсіх фабрык яечнага накірунку вобласці. І сёння магу сказаць, што абкатка на ўзроўні дзвюх фабрык пэўных працэдур, дзе ўжо дакладна адпрацаваны тыя ці іншыя тэхналогіі па вытворчасці яек і вырошчванні птушкі, прайшла паспяхова. Перавага холдынга і ў тым, што ліквідуецца канкурэнцыя паміж фабрыкамі, паколькі выпрацоўваецца адзіная для ўсіх стратэгія.

- І калі ўжо будзе створаны холдынг?

- Спадзяемся, праз 2-3 тыдні. Паколькі ўсе неабходныя фінальныя дакументы падрыхтаваны, узгоднены і чакаюць подпісу кіраўніка дзяржавы.

- Ці маглі б Вы болей канкрэтна акрэсліць тыя станоўчыя моманты, якія дало супрацоўніцтва з баранавіцкімі калегамі?

- Пасля рэарганізацыі яны падтрымалі нас кармамі, прайшлі дзейсныя кансультацыі па шэрагу тэхналагічных момантаў, аказана дапамога па камплектацыі пагалоўя птушкі. У сваю чаргу, мы таксама падзяліліся станоўчым вытворчым вопытам.

- На прадукцыю Кобрынскай птушкафабрыкі заўсёды быў традыцыйна добры попыт. Наколькі упэўнена адчувае сябе прадпрыемства на рынку сёння?

- На сучасны момант пастаўлена задача ўтрымацца на дасягнутых пазіцыях і выпускаць яйкі і мяса птушкі толькі высокай якасці. Дасягаецца гэта найперш за кошт кармоў уласнай вытворчасці, без розных штучных дабавак. Наша прадукцыя атэставана па сістэме НАССР, якая дае права на міжнародны сертыфікат якасці, і імпартуецца ў Расійскую Федэрацыю. У перспектыве – плануем пашыраць замежныя рынкі збыту.

- Сёння прадпрыемства мае ўласны цэх па вытворчасці камбікармоў – наколькі адчувальная такая падтрымка ў вытворчасці?

- Адчувальная найперш тым, што рэнтабельная вытворчасць уласных камбікармоў дае магчымасць скараціць практычна на чвэрць затраты на закупку прывазных.

- А як адчувае сябе калектыў у час гэтых перамен? Ці адчулі работнікі фабрыкі нейкія станоўчыя зрухі ў той жа заработнай плаце?

- Што датычыць заработнай платы – сёння гэта адно з самых складаных пытанняў. З улікам таго, што па выніках года плануем выйсці на 140% па выпуску валавой прадукцыі, адпаведна, з павышэннем прадукцыйнасці працы і ўзроўню рэнтабельнасці, павінна адбыцца і павышэнне заробкаў. А пакуль як кіраўнік лічу, што для эфектыўнай работы прадпрыемства неабходна наяўнасць трох галоўных складаемых.  Першае: эканомнае расходаванне наяўных, матэрыяльных і іншых сродкаў. Другое: павышэнне прадукцыйнасці працы за кошт укаранення прагрэсіўных тэхналогій. І трэцяе: вясной максімальна эфектыўна правесці пасяўныя работы на сельскагаспадарчых угоддзях прадпрыемства плошчай 2,5 тысячы гектараў, каб на 50-60% забяспечыць фабрыку ўласнымі кармамі і значна скараціць працэс кармлення “з колаў”.

Гутарыў Ігар ФЕДАРОВІЧ.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу