На працягу трох дзён – 26-28 чэрвеня – у вёсцы Вялікія Прылукі чуліся чароўныя гукі гітары. Тут праходзіў IV фестываль бардаўскай і аўтарскай песні “Сонечны”. Партнёрамі мерапрыемства выступілі СТАА “ВП Палессе” і ДДЛГУ “Кобрынскі доследны лясгас”. Арганізаваны ў 2011 годзе па ініцыятыве кобрынскага барда Юрыя Харэвіча і пры падтрымцы народнага аматарскага аб’яднання “Белы бусел” Кобрынскага Палаца культуры, фестываль упэўнена набірае абароты. Сёлета геаграфія ўдзельнікаў выйшла за межы рэспублікі. Адразу ў некалькіх намінацыях дэманстраваў свае таленты госць з Варонежа Аляксандр Суханаў.
Ва ўдзельнікаў фестывалю шмат агульнага. Усе яны апантаныя мастацтвам, разумеюць сілу слова і музыкі. Аднак да творчасці кожны прыйшоў сваёй дарогай. Самастойна асвоіла ігру на гітары шаснаццацігадовая Валерыя Косціна з горада Ляхавічы. Дзяўчына заўважыла, што прыехала на Кобрыншчыну найперш павучыцца. Такую ж мэту паставіў перад сабой і сталічны госць Віталій Кузьміч. І гэта прытым, што мужчына ў свой час прафесіянальна асвоіў ігру на гітары і неаднаразова станавіўся лаўрэатам разнастайных фестываляў і конкурсаў. На маё здзіўленне бард усміхнуўся: “Мастацтву гэтаму межаў няма”.
Лепшых аўтараў і выканаўцаў выбірала кампетэнтнае журы, функцыі якога сёлета раздзяліліся. Паэтычныя творы ацэньвалі галоўны рэдактар газеты “Брэсцкі кур’ер” Мікалай Аляксандраў і паэтэса з Баранавіч Галіна Ліс.

Пасля нялёгкага спаборніцтва былі абвешчаны імёны пераможцаў. Імі сталі ў намінацыі “Аўтар” Вера Лебядзеўская (г. Пінск), у намінацыі “Выканальніцкі калектыў” – дуэт у складзе Юрыя Моніна і Наталлі Дзібук з Брэста. Лепшым выканаўцам стала кабрынчанка Вікторыя Лукашук, аўтарам музыкі – Аляксандр Суханаў. Цэлы шэраг узнагарод атрымалі паэты. Лаўрэатам у гэтай намінацыі стаў госць з Гродна Ігар Субоцін, тытул “Залатое пяро” 1-й, 2-й і 3-й ступеняў атрымалі ўдзельнікі народнага аматарскага аб’яднання “Белы бусел” Кобрынскага Палаца культуры Людміла Ярмалюк, Наталля Цярэнцьева і Валянціна Клачковіч адпаведна. Заахвочвальныя ўзнагароды атрымалі юныя ўдзельнікі конкурсу. Званне “Надзея фестывалю” - Андрэй Харэвіч, Валерыя Косціна і Анастасія Строк. За “Вернасць жанру” была адзначана Людміла Яцухна (г. Петрыкаў). Самую высокую ўзнагароду – гран-пры - атрымала пінчанка Ларыса Скроба. Вынікам творчага спаборніцтва стаў гала-канцэрт з удзелам пераможцаў, членаў журы і гасцей.
У межах фестывалю адбыліся выступленні артыстаў Кобрыншчыны, удзельнікаў клуба “Перунова кола”, прайшлі майстар-класы ігры на гітары вядомых бардаў Тараса Юркевіча, Сяргея Панамарова, Валерыя Гаваркова і іншых.
Паўдзельнічаць у фестывалі ў якасці гледачоў сабралася шмат людзей, у тым ліку і старшыня Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Зазуля. Асобную групу склалі мясцовыя жыхары. У размове з намі яны прызналіся: суседства “Сонечнага” ім падабаецца (заўважым: раней фестываль праводзіўся на Бамаўскім возеры). “Цёплае мерапрыемства, добрае”, - адзначылі яны.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.