“Мы з мужам ехалі ў Асіповічы ў госці да дачкі. Была зіма, кружыла завея. Дрэвы густой сцяной абступалі дарогу. Іх галіны пад цяжарам снегу схіліліся да зямлі. У мяне ад такой прыгажосці аж дух заняло. А ў душы нарадзіліся вершаваныя радкі”, - успамінае Валянціна Клачковіч. Так нечакана жанчына адчула ў сабе здольнасці да стварэння паэтычных тэкстаў. “Мяне заўсёды вабіла паэзія. Асабліва вершы Купалы”, - заўважае Валянціна Сцяпанаўна.З той пары яна заўсёды мае пад рукой запісную кніжку. “Вершы складаюцца самі па сабе, здаецца, плывуць з душы”, - гаворыць паэтэса. Яе захапленне паэзіяй падтрымалі муж і дзеці.Свае вершы Валянціна нікому, акрамя членаў сям’і, не паказвала. “Было боязна, узрост немалады, людзі не зразумеюць”, - разважала яна.Выпадкова з раённай газеты даведалася пра аматарскае аб’яднанне “Белы бусел”. “На пасяджэнні я прачытала свае творы. Добра памятаю, як хвалявалася тады. Леанід Глушко падбадзёрыў, сказаў, што вершы мае добрыя”, - успамінае Валянціна Сцяпанаўна.З 2011 года яна стала членам гэтага аб’яднання. Пачала пісаць актыўней, эксперыментаваць з рыфмай. Уласныя вершы пісала на дзвюх мовах, але перавагу аддавала беларускай. Яе творы тэматычна разнастайныя. Асабліва ўдаецца пісаць пра прыроду. “Я вырасла ў вёсцы, а там такія казачныя краявіды”, - дзеліцца Валянціна Сцяпанаўна. Яна ганарыцца тым, што ад яе роднай вёскі Папіна, што ў Драгічынскім раёне, усяго ў некалькіх кіламетрах - у вёсцы Людзвінава - у свой час жыла польская пісьменніца Эліза Ажэшка.Валянціна Клачковіч умее бачыць незвычайнае ў звычайным, шмат назірае. Для сваіх унукаў пісала калыханкі і забаўляльную азбуку. Жанчына заўсёды з павагай ставіцца да людзей. “Калі ты з дабром да чалавека, то і ён з дабром”, - лічыць яна.28 гадоў Валянціна Сцяпанаўна працавала на Кобрынскай ткацкай фабрыцы. За добрасумленную працу і актыўную грамадскую дзейнасць неаднаразова была ўзнагароджана. “У думках я часта вяртаюся ў мінулае, праз прызму гадоў на многія рэчы гляджу зусім з іншага боку”, - гаворыць жанчына. Пераасэнсаванне поглядаў уласціва і лірычнаму герою Валянціны Клачковіч.Зараз жанчына захапілася перакладамі. На родную мову перакладае творы рускіх аўтараў, якія ёй падабаюцца. Валянціна Сцяпанаўна ніколі не прымала ўдзел у паэтычных конкурсах. “Узрост не той”, - апраўдвалася. Сёлета наважылася і прадставіла свае вершы шырокай аўдыторыі на III фестывалі бардаўскай песні “Сонечны”, дзе атрымала гран-пры.Вершы Валянціны Клачковіч друкуюцца на старонках “раёнкі” і газеты “Сябар пенсіянера”.Людміла ДУБІНА.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: