Прогноз погоды
Пн, 19 мая 2025

Формула настаўніцкага шчасця

16/03/2011 Образование Конкурсы

Менавіта яе на працягу ўсяго свайго жыцця – літару за літарай, эмоцыю за эмоцыяй - выводзяць тыя, каму выпаў лёс несці нялёгкую, але ганаровую місію педагога. Лепшыя з іх давалі сваё вызначэнне гэтаму паняццю ў фінале раённага этапа рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года 2010-2011”, які прайшоў нядаўна ў Кобрынскай школе мастацтваў.

Як адзначыла начальнік упраўлення адукацыі райвыканкама Галіна Радковіч, безумоўна, дарога канкурсантаў да гэтага ўрачыстага моманту была нялёгкай. І ўжо тое, што дайшлі да фіналу, сведчыць, што яны – лепшыя з лепшых. Гэта таксама красамоўны паказчык таго, што педагагічны калектыў Кобрыншчыны адрозніваецца талентамі, шматграннасцю і ініцыятыўнасцю.

Каб стаць пераможцам, шасці ўдзельнікам фіналу – педагогам з навучальных устаноў горада і раёна – патрэбна было прайсці праз цэлы шэраг самых разнастайных выпрабаванняў. Патрабаваліся і артыстычныя здольнасці, якія канкурсанты ў поўнай меры прадэманстравалі, і ўменне знаходзіць выйсце з самых непрадказальных сітуацый, якія ў школе могуць узнікнуць у любы момант. А падчас аднаго з заданняў нашы настаўнікі нават паспрабавалі свае сілы ў ролі… вучняў. Згодна з умовамі конкурсу, ім трэба было напісаць вельмі своеасаблівы дыктант і прыняць удзел у брэйн-рынгу,  падчас якога давялося адказваць на пытанні, многія з якіх на самой справе патрабавалі шырокага кругагляду і выдатнай эрудыцыі. Дарэчы, адно з самых складаных заданняў так і гучала: вывесці формулу шчасця настаўніка і вучня. Гледзячы на тое, што ўсе канкурсанты справіліся з ім проста выдатна, можна сказаць упэўнена – сваю дарогу ў жыцці яны выбралі правільна.

Мерапрыемства прайшло літаральна на адным дыханні – у паўзах паміж конкурснымі заданнямі шмат пазітыўных эмоцый усім прысутным падаравалі сваімі выступленнямі юныя артысты і супрацоўнікі Кобрынскага РЦДТ. Прыемным сюрпрызам стала і выступленне ансамбля “Ясніца”, які прыехаў падтрымаць канкурсантку з вёскі Стрыгава.

Але ў кожным конкурсе ёсць свае пераможцы. Трэба адзначыць, што  і тут усіх гасцей чакаў своеасаблівы сюрпрыз. У гэтым годзе ўпершыню ў гісторыі Кобрыншчыны першае месца занялі адразу два педагогі – настаўнік фізічнай культуры з САШ №9 Міхаіл Бандарук і настаўнік пачатковых класаў Таццяна Стоцкая са Стрыгаўскага дзіцячага садка-сярэдняй школы, якія і будуць абараняць гонар Кобрыншчыны на абласным этапе.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу