Вы калі-небудзь карысталіся ткацкім станком ХІХ стагоддзя? Ці ведаеце вы, што такое церніца, андарак, намітка? А як можна зашыфраваць пры дапамозе сімвалаў вышыўкі свае мары і спадзяванні на ручніку або посцілцы? Пра гэта і многае іншае можна даведацца пры наведванні народнага этнаграфічнага музея «Спадчына» дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа №3 г. Кобрына».
У стварэнні сапраўднага гістарычнага куточка мінулага прымала ўдзел уся школа. Стваральнік і кіраўнік музея Валянціна Карунас расказвае: «Ідэя стварэння музея з’явілася пасля наведвання настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры ў 2004 годзе музея гімназіі г. Маларыты. Ён настолькі прыйшоўся ўсім да спадобы, што мы паставілі сабе мэту – адкрыць свой этнаграфічны куточак». Менавіта так, па ініцыятыве дырэктара школы Аляксандра Лесіка і намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Святланы Ніколенка, пачалася плённая праца па зборы прадметаў, якімі карысталіся звычайныя сялянскія людзі яшчэ да эпохі камп’ютараў. Пры дапамозе бацькоў, дзяцей, настаўнікаў атрымалася сабраць вялікую колькасць экспанатаў, прадметаў даўніны, якія знайшлі сваё месца ў экспазіцыі музея. І вось 27 мая 2005 года пры ўдзеле ганаровага госця А.А. Зарэцкага, ветэрана вайны, прайшло афіцыйнае адкрыццё музея «Спадчына».
У музейнае памяшканне ператварыўся некалі маленькі вучэбны кабінет, дзе ў 2020 годзе адбылася кардынальная рэканструкцыя, якая надала музею ўтульнасці і больш сучасны выгляд. У студзені 2022 года Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь музею «Спадчына» быў прысвоены статус «народны», чым вельмі ганарыцца не толькі школа, але і ўся Кобрыншчына.
У экспазіцыі музея знаходзіцца вялікая колькасць розных калекцый – лялек у народных касцюмах, савецкіх значкоў, даматканых тканін, калекцыя вугальных прасаў, лямпаў, ліхтароў, самапрадак, чамаданаў і інш. Ёсць шмат прадметаў, звязаных з культам хлеба. Таксама ў музеі можна прасачыць, як апрацоўвалі лён – ад пасеву да стварэння ручніка. Ёсць нават сапраўдныя кросны, за якімі калісьці сядзела гаспадыня і ткала, напяваючы песню, сабе новенькі фартух. Раздзел экспазіцыі музея «Назад у СССР» вяртае нас у час, калі нашы бабулі былі маладымі. Разглядаючы статуэткі, кнігі, паштоўкі, сурвэткі, разумееш, што жыццё без тэлефонаў, камп’ютараў, інтэрнэту было насычаным і давала прастор для фантазіі.
У 2005 годзе на базе музея пачалася руплівая праца краязнаўчага аб’яднання «Бацькаўшчына», якое праводзіць разнастайныя экскурсіі для наведвальнікаў музея. Валянціна Аляксандраўна заўважае: «Краязнаўчае аб’яднанне працуе вельмі плённа: мы ўдзельнічаем у краязнаўчых і фальклорных экспедыцыях, праводзім сустрэчы з майстрамі, дзе ўжо навучыліся ткаць, плесці паясы на пальцах, прасаваць, што дапамагае нам у правядзенні майстар-класаў для нашых гасцей; любім сустракацца з літаратурнымі дзеячамі нашага краю і паэтамі-аматарамі: Лявонам Валасюком, Людмілай Ярмалюк, Наталляй Сацутай і інш. Каманда нашага музея перамагае на краязнаўчых алімпіядах не толькі раённага, але і абласнога этапу. Наш музей удзельнічаў у рэспубліканскіх форумах, атрымліваў узнагароды Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь».
На школьным сайце размешчана віртуальная старонка народнага этнаграфічнага музея «Спадчына», дзе знаходзіцца інфармацыя пра музей, відэаматэрыялы. Там можна азнаёміцца з планамі края-знаўцаў, даведацца пра выніковасць іх працы і многае іншае.
Дзейнасць музея «Спадчына» многія лічаць паспяховай. Аб гэтым сведчаць шматлікія перамогі ў конкурсах, удзел у дзвюх рэспубліканскіх выставах навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнцкай моладзі; публікацыі ў СМІ і іншых рэсурсах. Музей вучыць маладое пакаленне быць сапраўднымі грамадзянамі і патрыётамі сваёй краіны, ганарыцца сваім родным краем, яго гераічным мінулым; дае разуменне таго, што будучае Беларусі залежыць толькі ад іх.
Музей «Спадчына» ўстановы адукацыі «Сярэдняя школа №3 г. Кобрына» адкрыты для наведвальнікаў, для тых, хто цэніць і цікавіцца культурай беларускага народа.
Наталля ДЗЕМЧЫК, вучаніца 11 класа ДУА «Сярэдняя школа №3 г. Кобрына»Фота з архіва народнага этнаграфічнага музея «Спадчына»
Поделиться в соцсетях: