Прогноз погоды
Пн, 19 мая 2025

Детский сад-средняя школа №4 города Кобрина отметила 55-летний юбилей

10/11/2014 Праздники Образование

…Калісьці ў нашы школьныя гады самай прывабнай адзнакай для любога вучня была “пяцёрка”. Калі ж атрымлівалася атрымаць дзве “пяцёркі” запар – то такі дзень можна было лічыць на самай справе ўдалым. І хаця школьная сістэма даўно стала дзесяцібальнай, дзве “пяцёркі” і сёння могуць стаць выдатнай нагодай для свята. Менавіта гэтак атрымалася ў дзіцячым садзе-сярэдняй школе № 4, дзе нядаўна адзначылі 55-гадовы юбілей.- Безумоўна, свае дасягненні ёсць у любой школе, - адзначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля. – Аднак калі мы гаворым пра СШ № 4, мы гаворым з упэўненасцю: тут існуюць і развіваюцца на самай справе выдатныя традыцыі патрыятычнага выхавання і ствараецца гісторыя кадэцкіх і юрыдычных класаў. Год за годам адсюль выходзяць выдатныя выпускнікі, і гэта лепш за ўсё пацвярджае, што тут працуюць сапраўдныя прафесіяналы, а значыць, гадзіннік школы № 4 не спыніцца ніколі.Як адзначыла дырэктар школы Алёна Фігурына, за 55 гадоў са сцен гэтай навучальнай установы выйшлі 3 тысячы 669 вучняў, 59 з якіх атрымалі залаты і 87 – сярэбраны медалі. Сярод іх - вучоныя і інжынеры, абаронцы правапарадку і будаўнікі, работнікі сельскай гаспадаркі і кіраўнікі буйных прадпрыемстваў – і проста дастойныя людзі, якія пранеслі памяць аб сваёй роднай школе праз усё жыццё. Многія выпускнікі выбралі для сябе шлях настаўніка і засталіся ў сценах роднай школы, дзе і сёння працягваюць сеяць разумнае, добрае і вечнае.

А яшчэ тут памятаюць усіх тых, хто працаваў у гэтых сценах і пакінуў часцінку свайго жыцця. Юбілейная праграма стала сапраўднай рэтраспектывай жыцця школы на працягу ўсіх гэтых гадоў, якія адзін за адным прабягалі на старых фотаздымках. Добрым словам успомнілі і ўсіх тых, хто кіраваў школай, закладваў і развіваў добрыя традыцыі адукацыі і выхавання, - Лявонція Лешчыка, Ніну Еўтуховіч, Серафіма Сінгалевіча. Прынялі ўдзел ва ўрачыстым мерапрыемстве і шматлікія ветэраны – у тым ліку “Выдатнік адукацыі” Яўгенія Валодзька і былы бібліятэкар Зінаіда Андраюк, якія звязалі з гэтай школай усё сваё жыццё, практычна ад самага пачатку яе існавання.

- Сёння я не магла стрымаць слёз хвалявання, калі праз столькі гадоў мне зноў падараваў кветкі адзін з маіх любімых вучняў, - расказвае Яўгенія Валодзька. – І я ніколі не забуду той калектыў, у якім мы працавалі разам з Лявонціем Аляксеевічам, якога, на жаль, ужо няма з намі, і працягвалі працаваць з Нінай Якаўлеўнай. І вельмі, вельмі балюча, што больш няма з намі майго былога вучня і дырэктара Серафіма Сінгалевіча, уклад якога ў развіццё школы пераацаніць проста немагчыма… А у сённяшняму калектыву школы мне хацелася б пажадаць, каб усе, хто тут працуе, заўсёды трымаліся адзін за аднаго, трымаліся сваёй высакароднай працы – і добрых традыцый, якія заўсёды панавалі ў нашай роднай школе.У гэты дзень узнагарод і ветлівых слоў хапіла на ўсіх – граматы і пісьмы падзякі супрацоўнікам школы ўручалі старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля, старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук, начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Мікалай Тарасюк, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Радковіч, старшыня раённага камітэта прафсаюзаў работнікаў адукацыі Сцяпан Ніканчук і, зразумела, дырэктар школы Алёна Фігурына.Ну і які ж юбілей без падарункаў, без святочнага торта – і без цёплых слоў віншавання? Адзін за адным выходзілі на сцэну былыя выпускнікі самых розных гадоў, каб сказаць шчыры “дзякуй!” сваёй школе і сваім настаўнікам. А змянялі іх на сцэне сучасныя вучні – сапраўдныя “зорачкі”, якія сваімі талентамі, здольнасцямі і такімі шчырымі дзіцячымі ўсмешкамі ўвасабляюць самыя светлыя мары любога настаўніка. Пройдзе час - і яны, дасягнуўшы новых, яшчэ невядомых для нас вяршынь, таксама прыедуць наведаць сваю родную школу – каб аддаць даніну павагі і ўдзячнасці сваім настаўнікам, якія далі ім пуцёўку ў вялікае жыццё і выхавалі сапраўднымі грамадзянамі і проста добрымі людзьмі.Дзмітрый БЯЛОЎ.Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу