У сярэдзіне мая ў Слоніме пад эгідай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Гродзенскага аблвыканкама праходзіла фінальная частка чацвёртага фестывалю сямейнай творчасці “Жывіце ў радасці”, на які з’ехаліся калектывы народнай самадзейнасці з усёй Беларусі. Галоўная мэта гэтага прэстыжнага буйнога форума – прадэманстраваць усю палітру беларускай нацыянальнай і культурнай спадчыны. Увазе шматлікіх гледачоў былі прадстаўлены ўнікальныя здабыткі беларускай культуры – спевы, абрады, старажытныя касцюмы продкаў, нацыянальныя стравы і інш. Прыемна, што ў намінацыі ”Вакальнае мастацтва” дыплома лаўрэата трэцяй ступені ўдастоіліся таленавітыя артысты ансамбля “Зараніца” Магдалінскага сельскага Дома культуры пад кіраўніцтвам Алены Букач.
Кабрынчане прэзентавалі аўдыторыі аўтэнтычныя творы Пінска-Палескага рэгіёна. У якасці візітнай карткі калектыву артысты спявалі песню “Вальс аб Кобрыне” на словы Мікалая Ярмашука з в. Хідры на музыку Аляксея Кірыеўскага. Гледачы ўспрынялі бурнымі авацыямі творчасць прадстаўнікоў кобрынскай зямлі. Прысутным запомніліся арыгінальныя эстрадныя касцюмы кабрынчан з ільну. Узрост некаторых рарытэтаў - 170 гадоў. Таксама “Зараніца” паднесла членам журы караваі, прыгатаваныя па старажытных тэхналогіях.
Арганізатары конкурсу ўручылі кобрынскім артыстам выдатныя памятныя падарункі і дыплом лаўрэата, адзначылі высокі ўзровень выканаўчага майстэрства і пажадалі ўсяму калектыву росквіту і далейшага развіцця.
Раман МЕЛЬНІК.
НА ЗДЫМКУ: ансамбль “Зараніца”.
Поделиться в соцсетях: