З-пад крыла настаўніка амаль з 30-гадовым стажам Рыты Канапацкай вылецела ў вялікі свет не адзін дзясятак выпускнікоў. Выхаваныя ў любві і павазе да роднай мовы і сваёй краіны, яе народа, з моцнай базай ведаў (не раз у школьныя гады станавіліся пераможцамі і дыпламантамі раённых і абласных этапаў рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры), яны зараз вядуць родную Беларусь наперад, да новых вяршынь. А яна, іх любімы настаўнік, працягвае выхоўваць маладую змену, дзяліцца з ёй сваімі ведамі і вопытам. Грамадства таксама ацаніла самаадданую працу настаўніка – у 2020 годзе Рыта Канапацкая была занесена на Дошку гонару Кобрынскага раёна.
-Настаўнік… Як многае ад яго залежыць, – разважае Рыта Міхайлаўна. – Зараз мы стаім на парозе вельмі важнай падзеі, і толькі на першы погляд можа паказацца, што вучні не маюць да яе ніякага дачынення. Так, яны яшчэ не надзелены правам галасаваць, але не заўважым, як пройдзе час, і ўчарашнія выпускнікі будуць вырашаць лёс дзяржавы. І менавіта ад таго, што ў тым ліку і школа ўкладзе сёння ў свайго вучня, будзе залежаць пазіцыя моладзі. Я чакаю рэферэндуму, бо мне неабыякава, якія маральныя прынцыпы, якія духоўныя каштоўнасці я буду прывіваць заўтра сваім выхаванцам.
– З калегамі мы вельмі шмат абмяркоўвалі змяненні, якія звязаны з захаваннем гістарычнай памяці і праяўленнем патрыятызму. Многім можа паказацца лішнім тое, што само па сабе з’яўляецца неад’емнай часткай культурнага коду беларускага народа. Але калі паглядзець і прааналізаваць, як зараз за межамі нашай краіны адносяцца да гераічнага і ў той жа час трагічнага мінулага часоў Вялікай Айчыннай вайны, то становіцца зразумелым – гэта правільнае рашэнне, яно навеяна часам. Так, мы не можам уздзейнічаць на маральны выбар грамадзян іншых краін, але наша задача не дапусціць таго, каб працэс раўнадушша, абыякавасці, забыцця запусціўся на нашай зямлі, сярод беларусаў, асабліва маладога пакалення, – дзеліцца Рыта Міхайлаўна.На думку Рыты Канапацкай, не менш важным дапаўненнем у Канстытуцыі, за якое яна толькі «за», з’яўляецца задэкларыраваная ў праекце паправак гатоўнасць дзяржавы садзейнічаць укараненню інавацый:
– Гэтая новая форма здольна здзейсніць прарыў у развіцці многіх формаў жыццядзейнасці краіны: навуковай, эканамічнай, адукацыйнай, медыцынскай. Я веру ў вялікі патэнцыял нашай моладзі, якая яшчэ не сказала свайго галоўнага слова ў навуцы, але абавязкова гэта зробіць.
Што датычыць увядзення новага органа дзяржаўнага кіравання Усебеларускага народнага сходу, Рыта Міхайлаўна заўважае, што такі падыход хоць і ўнікальны на фоне сучаснага сусветнага вопыту, але з другога боку, калі паглыбіцца ў гісторыю, мае старажытныя славянскія карані – наш народ падчас важных падзеяў заўсёды збіраўся разам для прыняцця лёсавызначальных рашэнняў.– Падтрымліваючы новы праект Канстытуцыі, я даю сваю згоду на тыя папраўкі, якія былі ў яе ўнесены. Яны цалкам абараняюць мае інтарэсы і запатрабаванні. Калі новы праект Канстытуцыі будзе прыняты, а я ведаю, што многія грамадзяне разважаюць так, як і я, мы абаронім сябе на многія гады і зможам, як і раней, заставацца дэмакратычнай незалежнай дзяржавай і з гонарам называць сябе беларусамі, – заключае Рыта Канапацкая.
Алена БАКУН
Поделиться в соцсетях: