Кожны згадзіцца, што самае яркае ўражанне на чалавека, які наведвае Кобрын, аказвае сам горад – з яго новымі будынкамі, развітай інфраструктурай і аб’ектамі сацыяльнага прызначэння. Мы з задавальненнем праходзім па абноўленых вуліцах, заходзім у сучасныя магазіны, любуемся новымі жылымі масівамі… Аднак далёка не заўсёды ўспамінаем, што за кожным з гэтых аб’ектаў стаіць цяжкая і напружаная праца будаўнікоў – людзей, якія кожны дзень робяць наш горад прыгожым, а жыццё – утульным і камфортным. Аб тым, чым жыве сёння будаўнічая сфера Кобрыншчыны, расказвае намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр МАЙСЯЮК.
- Асноўным накірункам будаўніцтва на Кобрыншчыне з’яўляецца выкананне жыллёвай праграмы. Сёння ўжо ўведзены ў эксплуатацыю два новыя шматкватэрныя дамы, яшчэ тры плануецца ўвесці да канца бягучага года. Не стаіць на месцы і будаўніцтва жылля на сяле – там у гэтым годзе для новых жыхароў адчыняць свае дзверы 35 дамоў. Магу з упэўненасцю адзначыць адно: тое будаўніцтва, што распачалі, будзе закончана і ўведзена ў строй. Актыўна будуюцца і сельскагаспадарчыя аб’екты. Так, сёння запланавана выкананне работ па будаўніцтве і рэканструкцыі малочнатаварных фермаў у 11 гаспадарках раёна, уведзены ў строй тры збожжасушыльныя комплексы.
- Якія галоўныя тэндэнцыі можна вылучыць у развіцці будаўніцтва на Кобрыншчыне?
- Калі паглядзець на лічбы па краіне, то будаўніцтва жылля складае каля 40% усіх інвестыцый. Нельга не заўважыць, што рынак будаўнічых паслуг эвалюцыяніруе. Што ж датычыцца Кобрыншчыны, то, думаю, відавочным з’яўляецца той факт, што ў нашым рэгіёне за апошнія гады быў выкананы велізарны аб’ём работ. Правядзенне рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла “Дажынкі-2009” прадставіла будаўнічым арганізацыям небывалае раней мноства заказаў. Але жыццё ідзе наперад, і зараз, калі пераважная частка работ выканана, на першы план выходзяць самыя моцныя арганізацыі, якія забяспечваюць максімальную якасць работы, спраўляюцца з заданнямі ў належныя тэрміны і маюць заслужаную рэпутацыю надзейных і стабільных прадпрыемстваў.
- Якія арганізацыі сёння з’яўляюцца флагманамі будаўнічай галіны?
- У першую чаргу хацелася б з найлепшага боку адзначыць работу ААТ “Будаўнічы трэст №33”, які лідзіруе як у плане колькасці выкананых работ, так і з боку якасці і бяспекі працы. Выдатныя вынікі дэманструе ПБУП “Рамсантэхбуд”, якое актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі жыллёвай праграмы. Нельга не адзначыць ААТ “Кобрынскі хімік” і СПТАА “Калор”, якія ўжо доўгі час займаюць трывалае месца на рынку будаўнічых матэрыялаў. Нязменным попытам карыстаецца кабельная прадукцыя ААТ “Кобрынаграмаш”.
- Аляксандр Уладзіміравіч, што Вам хацелася б сказаць усім прадстаўнікам будаўнічай сферы Кобрыншчыны напярэдадні іх прафесійнага свята – Дня будаўніка?
- Тое, што будуецца сёння, будзе служыць не толькі нам, але і нашым нашчадкам, нашым дзецям і ўнукам. Таму, звяртаючыся да прадстаўнікоў гэтай важнай і патрэбнай усім прафесіі, хацелася б у першую чаргу пажадаць аднаго: няхай ваша работа заўсёды будзе якаснай і запатрабаванай. І няхай асабісты ўклад кожнага чалавека, нібыта маленькая цаглінка ў фундамент вялікага будынка, кладзецца ў скарбонку багацця і дабрабыту нашай роднай Кобрыншчыны.
Гутарыў Дзмітрый БЯЛОЎ.
Поделиться в соцсетях: