Прогноз погоды
Пн, 19 мая 2025

Школа трактарыстаў

04/02/2020 Разное Инфо

Навучэнцы сельскагаспадарчай школы, 1937 год

У паўночна-ўсходнім накірунку ад горада каля шашы Кобрын - Бяроза знаходзіцца  вёска Плянта. Яе наваколле захапляе дзівоснымі краявідамі, а гісторыя хавае безліч таямніц і загадак. Нават самыя сціплыя факты сведчаць аб тым, што ў свой час вёска магла лічыцца буйным адукацыйным цэнтрам Кобрыншчыны, таму што на яе тэрыторыі існавалі важныя для свайго часу ўстановы.

У 1897 годзе на месцы вёскі 2 дамы для батракоў, лясная ахова з 11 жыхарамі, 3 фальваркі, дзе пражывалі і працавалі 72 чалавекі. Паступова вёска разрасталася і яе насельніцтва павялічвалася. У 1905 годзе тут працуе лесапільны завод, паводле перапісу, налічваецца 23 жыхары. У 1931 годзе ў Плянце функцыянавала жаночая школа  і дзейнічаў Народны дом з глядзельнай залай, чытальняй. Так званая Szkoła Rolnicza (агранамічная, ці сельскагаспадарчая ўстанова) была адной з тых устаноў, якія давалі веды звыш пачатковай адукацыі, і рыхтавала аграномаў.

З запісаў, складзеных былым бібліятэкарам Плянтаўскай сельскай бібліятэкі Ларысай  Куксюк падчас  размовы з выпускніцай школы Дамінікай Вакульчык, якая вучылася там у 1932-1933 гг., мы даведаліся, што разлічаная на 11 месяцаў школьная праграма прадугледжвала вывучэнне пытанняў, звязаных з сельскай гаспадаркай. У справе агародніцтва і земляробства навучалі рацыянальнаму выкарыстанню глебы і раслін, садаводству і кветкаводству. Акрамя гэтага, дзяўчыны з сялянскіх сем’яў вучыліся там  гатаваць здаровыя і смачныя стравы, пячы хлеб і здобу,  кансерваваць агародніну і садавіну, ткаць,  кроіць  і шыць жаночую і мужчынскую вопратку. На занятках разглядаліся пытанні сацыяльнага развіцця Польшчы, хатняй эканомікі, агульнай гігіены, фізкультуры і спорту. Усе практычныя заданні выконваліся пад кіраўніцтвам вопытных настаўнікаў, сярод якіх вылучаліся кіраўнікі – муж і жонка Смоляк.

План ансамбля

У навучэнцаў  была свая форма: вышыты андарак і сіняя стужка праз плячо да пояса. Па заканчэнні школы выпускніцы атрымлівалі дыплом, які дазваляў працаўладкаванне ў розных галінах жыццядзейнасці. Акрамя жаночай, у Кобрынскім павеце функцыянавала яшчэ мужчынская школа падобнага накірунку. Яна знаходзілася ў мястэчку Таракані (сёння вёска Імянін Драгічынскага раёна).

Плянта, 1920 г. Фасад будынка, у якім размяшчалася школа

У 1939 годзе Юлія Смоляк выехала ў Польшчу, а ў будынку школы знайшлі прытулак рускія перасяленцы. Год, калі Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР, стаў для жыхароў Плянты новай кропкай адліку. У апошнія дні студзеня 1940 года адбыўся новы набор  у сельскагаспадарчую школу, якая набыла статус абласнойз емляробскай школы па падрыхтоўцы  трактарыстаў. Неабходнасць такой навучальнай установы была выклікана эканамічным станам дзяржавы. Вызваленне Заходняй Беларусі ад польскага ўплыву патрабавала новых формаў гаспадарання ў вёсцы. Узнікла патрэба ў спецыялістах, якія маглі б працаваць на зямлі, кіраваць тэхнікай. Па ўспамінах старэйшага жыхара вёскі Мікалая Мацкевіча, за парты селі дарослыя мужчыны і жанчыны з розных раёнаў. Заняткі пачыналіся рана, разам з тэорыяй навучэнцы атрымлівалі і практычныя навыкі, для гэтага ў школьных майстэрнях была і тэхніка. Вучыліся па скарочанай праграме – трэба было  падрыхтаваць спецыялістаў да  пачатку сяўбы. Сярод першых трактарыстаў былі і мясцовыя жыхары, якія потым шмат гадоў плённа працавалі на калгасных палетках. Выкладчыкі былі не з мясцовых, ці то з Усходняй Беларусі, ці нават рускія. Жылі ў будынку школы, дзе месца хапала і на кватэры, і на класы. Паводле даследванняў Рамана Афтаназы, маёнтак належаў некалі роду памешчыкаў Петрашэўскіх, пазней перайшоў да генерала Зданьскага. Палац уяўляў з сябе аднапавярховы будынак з шырокімі вокнамі. Па цэнтры фасадавыступаў паўкруглы двух’ярусны рызаліт, накрыты стажковым дахам. Увесь палац накрываў чатырохсхільны высокі дах. Цэнтральны ўваход у палац быў аздоблены невялікім ганкам на калонах. Унутраная планіроўка палаца анфіладная, з мноствам пакояў і дзвюма  круглымі заламі для гасцей. Усё гэта стварала добрыя ўмовы для навучання, якое, аднак, працягвалася нядоўга – да чэрвеня 1941 года. На жаль, звестак пра пасляваенную дзейнасць школы намі не знойдзена, але вядома, што ў Вялiкую Айчынную вайну будынак прыйшоў у заняпад, гарэў, яго дах быў разбураны. Пасля вайны каштоўныя будаўнічыя матэрыялы сталі разбіраць паціху аматары нажыцца за чужы кошт. Сёння на месцы сельскагаспадарчай школы толькі  фундамент. А вось былыя канюшні былі перабудаваны і дагэтуль выкарыстоўваюцца як жыллё, напамінаючы дасведчаным жыхарам аб тым, что ў гэтым месцы некалі была школа міжраённага прызначэння, якая б у гэтыя студзеньскія дні адзначыла 80-гадовы юбілей.

Жанна ЕЛІЗАРАВА.

Фота з асабістых архіваў Ларысы Куксюк і настаўніка ДУА «Запрудская базавая школа» Вадзіма Леўчука.

 

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу